«Бандыты і экстрэмісты ня з гэтай сэрыі». Лукашэнка правёў нараду аб амністыі і пазбаўленьні грамадзянства тых, хто «ўцёк за мяжу»

На нарадзе ў Лукашэнкі выступае кіраўнік МУС Іван Кубракоў

Лукашэнка сабраў нараду, на якой абмяркоўваецца магчымая амністыя да Дня народнага адзінства (новага дзяржаўнага сьвята, прызначанага на 17 верасьня), а таксама аб зьменах у закон «Аб грамадзянстве».

Што гаварылі пра магчымую амністыю

Генэральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што пад амністыю можа патрапіць ад 8 тысяч вязьняў.

Аляксандар Лукашэнка ў час нарады аб удасканаленьні заканадаўства пра грамадзянства і правядзеньні амністыі заявіў, што яна дапушчальная толькі ў адносінах да тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае:

«Цяпер наша краіна аказалася пад беспрэцэдэнтным націскам Захаду. Але нават у такіх умовах беларускае грамадзтва застаецца кансалідаваным, згуртаваным. Таму напярэдадні Дня народнага адзінства (як вы ведаеце, адзначаецца 17 верасьня) прапануецца абмеркаваць мэтазгоднасьць амністыі», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Ён згадаў пры гэтым людзей, якія зрабілі злачынствы празь неасьцярожнасьць, а таксама нязначныя злачынствы, уключаючы дзеяньні пратэставай накіраванасьці.

«Калі яны раскаяліся, сталі на шлях выпраўленьня і цалкам загладзілі віну, да іх можна праявіць літасьць. Прапаную абмеркаваць кола асобаў, на якіх трэба пашырыць амністыю. Паслабленьні дапушчальныя толькі адносна тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае. Гэта значыць, у аснове павінна быць справядлівасьць. Бандыты і экстрэмісты ня з гэтай сэрыі!».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што хоча разгледзець канчатковы варыянт падрыхтаванага дакумэнта на спэцыяльнай камісіі з удзелам у тым ліку «нармальнай апазыцыі»:

«Людзі яшчэ не адышлі ад таго 2020 года. Часам і перагібы дапускаюцца з боку нашых прыхільнікаў: „Усіх мачыць, саджаць і гэтак далей“. Ведаеце, адзінства ў грамадзтве гэта ніколі не дадавала. Але тым не менш проста адысьці ад гэтага пытаньня і ня чуць гэтых людзей — так не будзе», — сказаў Лукашэнка.

«Запрасіць людзей, якія, можа, маюць нейкі пункт гледжаньня іншы на разьвіцьцё нашага грамадзтва. Яны не ворагі. Няхай выкажуць сваё меркаваньне.

Але пры гэтым я хачу падкрэсьліць: падпісваць мне. Таму майце на ўвазе, усё, што я сказаў, па духу павінна адпавядаць. Мы не можам налева і направа адпускаць усіх. Хто павінен сядзець у турме, павінен сядзець».

Паводле падлікаў праваабаронцаў «Вясны», у Беларусі за кратамі знаходзіцца 1327 палітвязняў, а рэальная колькасць куды большая.

Што гаварылі аб пазбаўленьні грамадзянства тых, хто «ўцёк мяжу»

«Ці вартыя тыя, хто ўцёк за мяжу, заставацца грамадзянамі Беларусі? Падрыхтаваны законапраект расставіць усе кропкі, у тым ліку ў гэтым пытаньні. Абмяркуюць і магчымую амністыю напярэдадні Дня народнага адзінства», — гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-канала «Пул Першага».

Сам Лукашэнка на нарадзе заявіў:

«У рамках падрыхтаванага законапраекту трэба яшчэ раз паглядзець на тых, хто, выехаўшы за мяжу, дзейнічае на шкоду дзяржаве і народу, робячы злачынствы. Такія вядомыя, усе да адзінага. Мы іх ведаем. Ці вартыя гэтыя людзі заставацца грамадзянамі Беларусі, калі яны ўцяклі з роднай краіны і фактычна разарвалі зь ёй сувязь? Пытаньне тычыцца таго, што многія дэпутаты, ды і грамадзяне, падымалі пытаньне: зьбеглі, шкодзяць, злачынцы фактычна і працягваюць злачынную дзейнасьць — прапанавана было пазбаўляць іх грамадзянства. Пра гэта ідзе гаворка ў законапраекце.

Неабходна таксама абмеркаваць патрабаваньні да нашых суайчыньнікаў, якія атрымалі карту паляка і іншыя падобныя дакумэнты».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МУС раскрыў дэталі законапраекту аб пазбаўленьні грамадзянства тых, хто «ўцёк за мяжу», і забароне ўезду ў краіну да 30 гадоў


Як піша БелТА, у падрыхтаваным законапраекце аб зьмяненьні закону «Аб грамадзянстве» прапануюць абмяжоўваць правы і свабоды грамадзян Беларусі, якія маюць яшчэ нейкія грамадзянствы, у выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй і заканадаўчымі актамі.

«Уводзіць абавязак грамадзян рэспублікі інфармаваць кампэтэнтныя органы аб набыцьці грамадзянства замежнай дзяржавы або атрыманьні віду на жыхарства або іншага дакумэнта замежнай дзяржавы, які дае права на льготы або іншыя перавагі (напрыклад, „карты паляка“)», — заявіў на нарадзе міністар унутраных спраў Іван Кубракоў.

«Прадугледжваецца магчымасьць страты асобай, якая знаходзіцца за межамі Беларусі, беларускага грамадзянства, набытага ў тым ліку і па нараджэньню, пры наяўнасьці выраку суду Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у законную сілу, пацьвярджае ўдзел такой асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьня ім цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь згодна з пералікам артыкулаў, якія будуць выкладзеныя ў законе.

Прапануецца, што такое рашэньне будзе прымацца кіраўніком дзяржавы па прапанове камісіі па пытаньнях грамадзянства. У далейшым адносна экстрэміста, які страціў грамадзянства Беларусі, прапануецца прымаць рашэньне аб забароне ўезду ў краіну на тэрмін да 30 гадоў.МУС разьлічвае на прафіляктычны эфэкт гэтай заканадаўча й ініцыятывы», — сказаў міністар Кубракоў.

Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс па выніках нарады заявіла БелТА пра апазыцыянэраў, якія зьехалі за мяжу:

«Па вялікім рахунку яны сябе супрацьпаставілі краіне, яны ўжо не маюць ніякай сувязі з гэтай краінай. Адпаведна, як трэба да іх паставіцца? Трэба прызнаць, што яны страцілі грамадзянства самастойна. І дзяржава ў гэтым выпадку можа прызнаць факт такой страты», — сказала Чупрыс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іншаземцам зь беларускімі каранямі будзе прасьцей атрымаць від на жыхарства ў Беларусі. Але ня ўсім

Раней Лукашэнка неаднаразова падымаў тэму пазбаўленьня грамадзянства тых, хто зьехаў за мяжу. Так, у лютым гэтае пытаньне ўздымалася на паседжаньні Савету бясьпекі.

«Няхай кожны здраднік задумаецца: працягваць шкодзіць краіне або паводзіць сябе годна», — сказаў тады на паседжаньні дзяржсакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч.

Пасьля падзей 2020 году зь Беларусі ад перасьледу ўладаў і з мэтай рэалякацыі бізнэсу зьехалі дзясяткі тысяч чалавек. Віды на жыхарства ў іншых краінах маюць дзясяткі тысяч беларусаў, больш за 140 тысяч грамадзян Беларусі маюць «карты паляка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцякаць, пакуль выпускаюць? Дазвол на выезд — апошняе, што ў беларусаў пакуль не адабралі