У Беларусі ўзмацняюцца рызыкі павелічэньня ўзроўню беднасьці. Самыя ўразьлівыя — сем’і зь дзецьмі, людзі з інваліднасьцю і беспрацоўныя. «Часу на тое, каб сысьці з траекторыі зьбядненьня насельніцтва, у Беларусі застаецца няшмат», — такую думку выказаў эканаміст Алег Мазоль у бюлетэні «Экспэртны погляд» BEROC (Кіеў).
Асноўнымі рызыкамі навуковы супрацоўнік BEROC (Кіеў) Алег Мазоль называе
- перавышэньне колькасьці звольненых над колькасьцю нанятых. У апошнія месяцы розьніца паміж імі была ў 15-30% у залежнасьці ад месяца.
- Другая рызыка — пагаршэньне структуры занятасьці ў бок людзей зь ніжэйшым заробкам. Гэта зьвязана найперш з рэлякацыяй высокааплатных работнікаў. Так, у першым паўгодзьдзі ў IT колькасьць звольненых у 4 разы перавысіла колькасьць прынятых на працу.
- Трэці фактар — зьніжэньне даступнасьці сацыяльных паслуг.
Пляны ўраду Беларусі істотна нарасьціць экспарт у Расею і Кітай не рэалізуюцца, адзначыў Алег Мазоль.
У сувязі з гэтым беларускія кампаніі са зьніжэньнем попыту будуць больш актыўна звальняць работнікаў або скарачаць працоўны дзень або зарплату, мяркуе эканаміст. На ягоную думку, адаб’ецца гэта на росьце відавочнага і схаванага беспрацоўя.
Узмацняць яго будзе міграцыя работнікаў з высокімі даходамі, таму што гэта прывядзе да скарачэньня агульнага ўзроўню даходаў насельніцтва і платаздольнага попыту, лічыць Алег Мазоль.
«Выхад з падобнай сытуацыі можа быць толькі адзін: спыненьне палітычных рэпрэсій, спыненьне падтрымкі беларускім рэжымам ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, пачатак дыялёгу ўнутры беларускага грамадзтва.
У адваротным выпадку зьбядненьне беларусаў працягнецца, і налета мы ўбачым далейшы рост беднасьці. Часу на тое, каб сысьці з траекторыі зьбядненьня насельніцтва, у Беларусі застаецца няшмат», — адзначыў эканаміст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі бракуе каля 700 настаўнікаў, пры гэтым іх працягваюць звальняць «за палітыку». Як Беларусь сустракае 1 верасьня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі мы хочам застацца дзяржаваю з самастойнай эканомікай, трэба памяншаць эканамічную залежнасьць ад Расеі», — эканаміст Крук