Раней з такім заклікам выступіў Сэнат, а ў Палаце прадстаўнікоў зьявіўся адпаведны законапраект.
Паводле агенцтва Reuters, Байдэна спыталі, ці трэба прызнаць Расею дзяржавай –спонсарам тэрарызму, калі ён вяртаўся ў Белы дом з паездкі ў Вісконсін і Пэнсільванію.
Адказам прэзыдэнта было кароткае «не». Ён ня стаў разважаць на гэтую тэму.
У жніўні выданьне Politico са спасылкай на крыніцы ў амэрыканскім замежнапалітычным ведамстве паведаміла, што Дзярждэпартамэнт ЗША баіцца ўключэньня Расеі ў сьпіс краін – спонсараў тэрарызму, бо гэта можа паставіць пад пагрозу пагадненьне аб вывазе збожжа і кукурузы з украінскіх чарнаморскіх партоў. Унясеньне ў сьпіс краін – спонсараў тэрарызму пацягне за сабой дадатковыя санкцыі. Гэта паўплывае, напрыклад, на супрацу па ядзерных матэрыялах.
Кіеў і некаторыя краіны Захаду заклікаюць Вашынгтон афіцыйна аднесьці Расею да краін, якія падтрымліваюць тэрарызм, з прычыны яе агрэсіі супраць Украіны. Цяпер ЗША лічаць такімі толькі чатыры дзяржавы сьвету: Кубу, Іран, Сырыю і Паўночную Карэю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны выступілі з ініцыятывай прызнаць Беларусь дзяржавай-спонсарам тэрарызму