Шостага верасьня судзьдзя Тацяна Шоцік вынесла яму вырак: пазбаўленьне волі тэрмінам на тры гады ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Палітоляг, сябра БСДП Ігар Леднік напісаў для партыйнага часопіса «Пазіцыя» артыкул «Міжнародна прызнаны нэўтралітэт Беларусі — гарантыя бясьпекі ў рэгіёне АБСЭ». Артыкул выйшаў 28 сьнежня 2020 году, а 7 чэрвеня 2021 году ён зьявіўся ў інтэрнэце.
Пракуратура Беларусі знайшла ў ім «заведама лжывыя, ганебныя і зьневажальныя для гонару і годнасьці Лукашэнкі зьвесткі, спалучаныя з абвінавачаньнем яго ў асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бясьпекі чалавецтва». Ледніка абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 367 КК
Як піша «Вясна», абвінавачаньне ў ходзе судовага працэсу запрасіла для Ледніка пазбаўленьне волі тэрмінам на тры гады ў калёніі агульнага рэжыму.
Перасьлед Ігара Ледніка
Ігар Леднік — сябра БСДП з Барысава, яго затрымалі 18 красавіка 2022 году. 18 ліпеня суд Барысаўскага раёну прызнаў інфармацыйную прадукцыю яго Facebook-старонкі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У межах крымінальнай справы вядома пра выклік у Сьледчы камітэт як мінімум сямі сябраў БСДП.
Як паведамляе тэлеграм-канал «БСДП», Леднік мае інваліднасьць праз праблемы з сэрцам. Вядома, што ў камэры ён страціў прытомнасьць, пасьля чаго ў экстранным парадку яму зрабілі апэрацыю на страўнікава-кішачным тракце. Паведамлялася, што стан здароўя палітвязьня нездавальняючы, ён працягвае скардзіцца на болі ў страўніку.