У горад Умань зьбіраюцца 10 тысяч паломнікаў-хасыдаў. Іх заклікаюць адмовіцца ад паездкі, бо вайна

Сьвяткаваньне Новага году па габрэйскім календары ў Умані ў 2020 годзе

Увесну Расея некалькі разоў абстрэльвала горад Умань Чаркаскай вобласьці, адзін снарад трапіў у сынагогу.

У Умані на сьвята Рош га-Шана (Рошашóнэ) чакаецца да 10 тысяч паломнікаў, паведаміў кіраўнік Чаркаскай абласной вайсковай адміністрацыі Ігар Табурэц, піша ВВС.

Табурэц заявіў, што, нягледзячы на заклікі ўкраінскіх праваахоўнікаў і рэкамэндацыі паломнікам-хасыдам устрымацца сёлета ад візыту ва Ўкраіну на сьвяткаваньне Рошашóнэ, пілігрымы пачалі ўжо прыбываць ва Ўкраіну.

У Умань прыбылі ўжо больш за тысячу чалавек, асноўная маса паломнікаў чакаецца з 18–19 верасьня.

Па словах кіраўніка Чаркаскай АВА, у вобласьці рыхтуюцца максымальна засьцерагчы пілігрымаў і жыхароў Умані падчас правядзеньня сьвята габрэйскай грамады, для гэтага будуць уводзіцца жорсткія абмежаваньні.

«Мы будзем улічваць кожнага чалавека. Мы забаронім перамяшчэньне па горадзе і аўтамабільным транспартам, і пешым парадкам па некаторых вуліцах. Будуць выстаўлены дадатковыя блёкпасты», — паабяцаў Табурэц.

Акрамя таго, у горадзе забароняць гандаль у месцах зграмаджэньня людзей, як гэта было раней падчас сьвяткаваньня Рошашóнэ.

Улады Чаркаскай вобласьці папярэджваюць, што імавернасьць ракетных удараў і тэрарыстычнай пагрозы з расейскага боку высокая, і заклікаюць хасыдаў устрымацца ад пілігрымкі ў Умань сёлета.

Увесну Расея некалькі разоў абстрэльвала Умань, адзін снарад трапіў у сынагогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 570 паломнікаў-хасідаў пакідаюць мяжу Беларусі і Ўкраіны. 1000 яшчэ застаецца 

Летась на мяжы Беларусі і Ўкраіны ўзьнік крызіс з паломнікамі-хасыдамі. Агулам больш за 1500 чалавек спрабавалі трапіць у горад Умань, дзе пахаваныя пачынальнікі руху хасыдаў. Аднак Кабінэт міністраў Украіны ў мэтах барацьбы з распаўсюдам каранавірусу ўвёў абмежаваньні на ўезд іншаземцаў да 28 верасьня.

Афіцыйны Менск прысарамаціў кіраўніцтва Ўкраіны, заклікаўшы «паважаць і выконваць правы чалавека». На мяжы адбываліся канфлікты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне працягваюць страляць расейскія «Іскандэры»