Галоўнай рэдактарцы БелаПАН Ірыне Леўшынай падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай да 28 верасьня

Ірына Леўшына

Ірыне Леўшынай падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай. Разгляд яе справы ў судзе раней адклалі.

Ірыну Леўшыну, а таксама былога дырэктара кампаніі Дзьмітрыя Наважылава затрымалі 18 жніўня 2021 году. Яны праходзяць па адной справе з былым намесьнікам дырэктара кампаніі (2014–2018 гады) мэдыямэнэджэрам Андрэем Аляксандравым і Ірынай Злобінай (з 1 верасьня 2022 году — жонка Аляксандрава), якіх затрымалі 12 студзеня 2021 году.

Фігуранты справы абвінавачваюцца ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» (Аляксандраў, Леўшына, Наважылаў), «здрадзе дзяржаве» (Аляксандраў, Злобіна), нявыплаце падаткаў (Аляксандраў, Наважылаў), падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў беспарадках (Аляксандраў, Злобіна, якія аплачвалі штрафы ўдзельнікам пратэстаў). Усе чацьвёра прызнаныя палітвязьнямі.

Судовы працэс пачаўся 6 чэрвеня ў Менскім абласным судзе. Справу разглядае судзьдзя Вячаслаў Тулейка.

29 чэрвеня на працэсе абвясьцілі перапынак ня менш як на два месяцы ў сувязі з правядзеньнем экспэртызы. Чакаецца, што разгляд справы адновіцца пасьля 5 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судовы працэс у «справе БелаПАН» прыпынены мінімум на 2 месяцы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьні Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ўзялі шлюб у СІЗА