Блог «Отражение» зьвязаўся з Захарам і папрасіў яго падзяліцца ўражаньнямі. Пераказваем асноўнае з інтэрвію.
Захару 16 гадоў, сам ён з маленькай вёскі Дрыгучы Мёрскага раёну. Ён вучань 11 клясы Віцебскага кадэцкага вучылішча, паступіў туды пасьля 7 клясы школы. Захапляецца гісторыяй, удзельнічае ў алімпіядах і піша навуковыя працы. У будучыні Захар марыць стаць адвакатам ці юрыстам — кажа, што вырашыў «абраць прафэсію, карысную ў Беларусі і «зьвязаную з грамадзтвам».
Пра любоў да гісторыі: «Гістарычныя кнігі і праграмы мяне заўсёды цікавілі. Да таго ж дзяцей у нашай вёсцы няшмат, таму трэба было прыдумваць, як праводзіць час, і я чытаў. Дый у школе па гісторыі ў мяне былі добрыя настаўнікі, заахвочвалі мяне займацца. З гэтага ўсё пачалося. А цяпер я сам часта зьвяртаюся да мінулага, каб лепш зразумець тое, што адбываецца цяпер».
Пра беларускую мову: «Я імкнуся павялічваць ужываньне мовы і мару, што калісьці цалкам на яе перайду. Па-першае, гэта прыгожа, па-другое — магчымасьць даць людзям вакол зразумець, што ты беларус. А яшчэ не хачу, каб мне было сорамна перад будучымі дзецьмі, калі яны раптам спытаюць: „Тата, чаму ты не падтрымліваў мову?“»
Пра тое, чаму падняў руку і захацеў выказацца падчас «адкрытага ўроку» Лукашэнкі: «Мне здаецца, гэта вельмі важна — гаварыць тое, што думаеш, бо, калі гэтага не рабіць, ня будзе разьвіцьця і самастойнасьці. Але, каб агучваць свае думкі, патрэбна сьмеласьць. Падняць руку на адкрытым уроку ў першую чаргу было важна для мяне самога. Гэта як доказ таго, што я маю гэтую сьмеласьць».
Што было, калі «адкрыты ўрок скончыўся»: «Некаторыя хлопцы і дзяўчаты зь іншых дэлегацый падыходзілі да мяне, каб паціснуць руку. Цяпер шмат знаёмых і невядомых людзей пішуць мне ў сацсетках. У асноўным дзякуюць за то, што выступіў на мове, што сьмела адказваў, што ўспомніў Генрыка Дмахоўскага зь Міёршчыны. Нехта жартуе, нехта хвалюецца, быццам, могуць быць нейкія наступствы з-за таго, што маё выказваньне сталі распаўсюджваць».
Пра тое, як бацькі паставіліся да ягонай прамовы: «Яны не глядзелі выступ, але потым мама мяне пахваліла. А таты не стала ў ноч з 31 жніўня на 1 верасьня. Але я даведаўся пра гэта, толькі калі вярнуўся. Ён 6 гадоў змагаўся з анкалёгіяй. Калі я быў у Менску, мама, напэўна, вырашала мне не гаварыць. Ды я і сам не патэлефанаваў... Столькі ўсяго звалілася за гэтыя дні».