Паводле зьвестак Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend, ня менш за 602 некамэрцыйныя арганізацыі цяпер знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі ў Беларусі.
У гэты лік уваходзяць пададзеныя ў суд іскавыя заявы аб прымусовай ліквідацыі або прымусовае выключэньне з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.
За месяц, паводле падлікаў Lawtrend, у пералік дадаліся 65 арганізацый (у папярэдні маніторынгавы пэрыяд — у ліпені 2022 году— 537 некамэрцыйных арганізацый знаходзіліся ў стадыі ліквідацыі).
Адзначаецца рэгулярны рост колькасьці арганізацый, якія прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі. На канец жніўня іх было 363.
«Такім чынам, грамадзкі сэктар Беларусі, пачынаючы з поствыбарчага пэрыяду 2020 году, пазбавіўся ўжо ня менш за 965 інстытуцыяналізаваных формаў некамэрцыйных арганізацый (грамадзкіх аб’яднаньняў, прафэсійных саюзаў, фондаў, недзяржаўных установаў і асацыяцый)», — адзначаецца ў аглядзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рост інфляцыі ў 3,5 раза, 1262 палітзьняволеныя, 10 «палітычных» сьмерцяў. Што зьмянілася ў Беларусі за 2 гады крызісуДа жніўня 2020 году ў Беларусі працавалі сотні некамэрцыйных грамадзкіх арганізацый, якія займаліся экалёгіяй, культурай, дапамогай пацярпелым ад гвалту, урбаністыкай ды іншымі карыснымі для грамадзтва рэчамі. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі пачалася масавая «зачыстка» і ліквідацыя НДА.
У ліпені 2021 году Лукашэнка заявіў, што «і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў Беларусі (...) пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў», але потым нібыта зразумелі, што гэта «шкода для дзяржавы» і пачалі «зачыстку», бо ў гэтых арганізацыях нібыта працуюць «ужо тысячы нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі».
У канцы жніўня 2022 году кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Сяргеенка паведаміў, што ў Беларусі за 2 гады ліквідавана больш за 400 недзяржаўных арганізацый і назваў гэта «аздараўленьнем грамадзкага поля».
«Дзякуючы сумесным намаганьням органаў улады за пэрыяд з 2020 году грамадзкае поле краіны істотна аздаравілася. Спынена дзейнасьць 373 дэструктыўных і іншых сумнеўных абʼяднаньняў, 44 установаў, а таксама так званых незалежных прафсаюзаў», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля заявы Лукашэнкі пра «зачыстку» ўлады ліквідуюць дзясяткі беларускіх НДА. СЬПІС