Выцек алівы, на які спасылаецца расейскі канцэрн «Газпрам», ня можа служыць тэхнічнай прычынай для спыненьня эксплюатацыі газаправоду «Паўночны паток», паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на нямецкую кампанію Siemens Energy.
«Такія выцекі звычайна не ўплываюць на працу турбінаў і могуць быць ліквідаваныя на месцы», — удакладняюць у кампаніі, называючы такія апэрацыі па ўхіленьні непаладак «руціннымі».
У мінулым узьнікненьне такога кшталту праблем не прыводзіла да спыненьня эксплюатацыі, падкрэсьліваецца ў заяве Siemens Energy. Кампанія таксама паведаміла, што гатовая выконваць тэхнічныя работы, калі гэта неабходна, адзначыўшы, што на кампрэсарнай станцыі «Партовая» ёсьць дадатковыя турбіны, з дапамогай якіх можна аднавіць падачу газу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Газпром» аб'явіў, што спыняе працу газаправоду «Паўночны паток» на нявызначаны тэрмінЭксплюатацыю газаправоду з Расеі ў Нямеччыну прыпынілі 31 жніўня, як сьцьвярджалася ў заяве «Газпрома», на плянавае тэхнічнае абслугоўваньне. Газаправод павінен быў ізноў запрацаваць — хоць і на 20% магутнасьці — 3 верасьня. Але напярэдадні «Газпром» аб’явіў, што спыняе працу газаправоду «Паўночны паток» на нявызначаны тэрмін, бо тэхнічнае абслугоўваньне адзінай працоўнай турбіны газаправоду выявіла няспраўнасьці.
Прадстаўнікі ЭЗ мяркуюць, што дзеяньні «Газпрому» зьяўляюцца спробай ціску за ўведзеныя супраць Расеі санкцыі. 5 жніўня Эўрапейская рада зацьвердзіла рашэньне аб добраахвотным зьніжэньні спажываньня газу на 15%, якое будзе дзейнічаць да 31 сакавіка 2023 году. Мэтай гэтага кроку была эканомія напярэдадні зімы, каб «падрыхтавацца да магчымых перабояў у пастаўках газу з Расеі».
Старшыня Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен 2 верасьня паведаміла, што ў Эўракамісіі прапануюць абмежаваць цану на расейскі трубаправодны газ, каб перашкодзіць спробам расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна маніпуляваць энэргетычным рынкам ЭЗ. У адказ на гэта намесьнік старшыні Савета бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што Эўропа сутыкнецца з адсутнасьцю расейскага газу, калі ўвядзе абмежаваньні цэнаў на яго.
2 верасьня міністры фінансаў краінаў G7 прынялі дэклярацыю, у якой гаворыцца пра намер абмежаваць гранічныя закупачныя цэны на расейскую нафту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: G7 падтрымала ініцыятыву ЗША абмежаваць цану расейскай нафты, у ЭЗ прапанавалі абмежаваць цану і на расейскі газ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэны на газ у Эўропе ўзьляцелі да рэкорднага ўзроўню — больш як 3500 эўра за тысячу кубамэтраў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газаправод «Паўночны паток» спыніўся на тры дні. Расейцы сьцьвярджаюць, што прычына — рамонт