ЗША адмовілі ў візах Лаўрову і 55 чальцам расейскай дэлегацыі для паездкі на Генасамблею ААН

Сяргей Лаўроў

Ніхто з 56 чальцоў дэлегацыі РФ, якая павінна адправіцца на Генасамблею ААН, па стане на 1 верасьня не атрымаў візу ў ЗША.

Пра гэта гаворыцца ў лісьце пастаяннага прадстаўніка Расеі пры ААН Васіля Нябензі генэральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрышу, піша ТАСС.

«Паводле стану на 1 верасьня 2022 году ніхто з 56 расейскіх прадстаўнікоў з асноўнай дэлегацыі і перадавой групы не атрымаў візу на ўезд у Злучаныя Штаты. Такая ж сытуацыя склалася з суправаджальнымі журналістамі і чальцамі экіпажу самалёта міністра», — гаворыцца ў лісьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея не ўхваліла выніковы пратакол канфэрэнцыі ААН аб ядзернай зброі

Нябензя ў лісьце падкрэсьлвае, што ЗША ў якасьці краіны, у якой разьмяшчаецца штаб-кватэра ААН, абавязаныя забясьпечваць магчымасьць удзелу дэлегацый у мерапрыемствах сусьветнай арганізацыі.

У ААН на гэта адказалі, што актыўна кантактуюць з ЗША па візах для дэлегацыі Лаўрова.

«Генсакратар ААН і іншыя высокапастаўленыя прадстаўнікі арганізацыі застаюцца ў шчыльным кантакце з прымаючым бокам і адпаведнымі місіямі пры ААН, у тым ліку місіяй РФ, па пытаньнях адносна пагадненьня паміж ЗША і ААН аб штаб-кватэры, — паведамілі ў прэс-службе. — Мы актыўна ўзаемадзейнічаем зь місіяй ЗША па візах для дэлегацый на будучыя мерапрыемствы ў штаб-кватэры ААН і падтрымліваем сувязь зь місіяй ЗША па канкрэтных выпадках, на якія зьвяртаюць нашу ўвагу. Так мы робім і ў дадзеным выпадку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз авіяэмбарга Эўразьвязу Лаўроў ня змог трапіць у ААН у Жэнэве. Расея закрывае неба для эўрапейскіх краін