Візавыя цэнтры Эстоніі часова прыпынілі прыём дакумэнтаў у Беларусі. Офіс Ціханоўскай паведамляе, што прыём адноўлены

Мапа Эстоніі ў колерах нацыянальнага сьцяга

З 1 верасьня візавыя цэнтры Эстоніі ў Беларусі часова не прымаюць дакумэнты на атрыманьне візаў.

Пра гэта паведамляецца на старонцы кампаніі VFS Global, афіцыйнага партнэра амбасады Эстоніі ў Беларусі. Калі адновіцца прыём, не паведамлялася.

Плянуецца, што падавацца на візу Эстоніі, Фінляндыі і Швэцыі можна будзе ў цэнтрах у Полацку і Бабруйску. Але дату адкрыцьця пакуль не называлі.

Сэрвісны збор за кожны зварот па візу будзе складаць 16 эўра 40 эўрацэнтаў.

Тым часам офіс Сьвятланы Ціханоўскай паведаміў, што яго прадстаўнік у Эстоніі ўжо зьвязаўся з эстонскім Міністэрствам замежных спраў і што прыём дакумэнтаў адноўлены. Паводле офісу Ціханоўскай, праблема была зьвязаная з затрымкай кантракту паміж МЗС Эстоніі і кампаніяй VFS Global.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча, Латвія, Літва і Эстонія плянуюць абмежаваць уезд расейцам з шэнгенскімі візамі