Замах трапіў на кадры тэлездымкі. На відэа мужчына праціскаецца скрозь натоўп, хутка падносіць пісталет да твару Крысьціны Кіршнэр і націскае на курок — чуваць гук асечкі. Кіршнэр не пацярпела.
Пазьней прэзыдэнт Аргентыны Альберта Фэрнандэс у сваёй заяве паведаміў, што пісталет быў зараджаны пяцьцю патронамі, «але ня стрэліў зь нейкай прычыны». Ён назваў замах на сваю намесьніцу «самым сур’ёзным інцыдэнтам з таго часу, як мы аднавілі дэмакратыю ў 1983 годзе пасьля вайсковай дыктатуры».
Нападніка затрымалі на месцы. Ім аказаўся 35-гадовы грамадзянін Бразыліі. Па інфармацыі крыніцы ў Міністэрстве бясьпекі Аргентыны, раней у затрыманага судзімасьцяў не было.
Палітыкі і чыноўнікі Аргентыны, а таксама некаторыя лідэры іншых краінаў публічна асудзілі замах на Крысьціну Кіршнэр.
Прыхільнікі віцэ-прэзыдэнткі Крысьціны Кіршнэр зьбіраюцца каля яе дома зь мінулага тыдня, калі пракурор запатрабаваў прысудзіць ёй 12 гадоў пазбаўленьня волі ў гучнай справе аб карупцыі. Некалькі апазыцыйных палітыкаў заклікалі вярнуць сьмяротнае пакараньне ў якасьці пакараньня для Крысьціны Фэрнандэс дэ Кіршнэр. Віцэ-прэзыдэнтка заявіла, што абвінавачаньні супраць яе палітычна матываваныя і што яна сутыкнулася з «судова-мэдыйным расстрэлам».
У знак падзякі за падтрымку Крысьціна Кіршнэр выходзіць да прысутных ля яе дома і раздае аўтографы двойчы на дзень, у тым ліку калі вяртаецца дадому ўвечары.
Крысьціна Фэрнандэс дэ Кіршнэр займала пасаду прэзыдэнта Аргентыны ў 2007-2015 гадах. Яна стала першай жанчынай, выбранай на гэтую пасаду ў выніку агульнанацыянальных выбараў.