Прынята рашэньне аб тым, каб сумясьціць сыстэмы ацэнкі адукацыі беларускіх і расейскіх выпускнікоў школ, паведаміў амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў, наведваючы 1 верасьня менскую гімназію № 50, піша расейскае інфармацыйнае агенцтва Sputnik-Беларусь.
Паводле яго, у Беларусі і Расеі агульнае адукацыйнае поле, якое дае магчымасьць як расейцам вучыцца ў Беларусі, так і беларусам — у Расеі.
«У гэтым годзе беларусам было таксама прадастаўлена 1100 квотаў на бюджэтныя месцы (у расейскія ВНУ. — рэд.). Думаю, што гэтая колькасьць будзе ўзрастаць, таму што мы павялічваем колькасьць бюджэтных месцаў, і ў нас сумяшчаюцца сыстэмы ацэнкі адукацыі выпускнікоў. Тут (у Беларусі) гэта цэнтралізаванае тэставаньне, у нас — адзіны дзяржаўны экзамэн. Прынялі ўжо рашэньне, як сумясьціць вынікі гэтых дзьвюх атэстацый. Так што можна свабадней будзе паступаць у Расею», — заявіў ён.
Грызлоў дадаў, што ў наступным навучальным годзе паводле квоты ўраду РФ беларускім абітурыентам будзе выдзелена 1300 бюджэтных месцаў. Наборам, як і цяпер, будзе займацца прадстаўніцтва «Россотрудничества» ў Беларусі. Паводле дыплямата, у новым навучальным годзе ў Расеі будзе вучыцца больш за 10 тысяч студэнтаў зь Беларусі.
Летась Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі РФ дазволіла паступаць у свае ВНУ беларускім абітурыентам па выніках цэнтралізаванага тэставаньня. Між тым магчымасьць паступаць па выніках адзінага дзяржаўнага экзамэну і ўнутранага экзамэну засталася.
У расейскія ВНУ па выніках ЦТ у 2021 годзе паступілі 563 грамадзяніны Беларусі, статыстыка па 2022 годзе будзе вядомая пазьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вывучыцца на юрыста-міжнародніка — 13 сярэдніх заробкаў. Глядзім, колькі ў Беларусі каштуе адукацыя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я наагул не зьбіраюся пасьля ВНУ працаваць па спэцыяльнасьці». Як беларускі выбіраюць сабе адукацыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дагэтуль вельмі сорамна перад бацькамі — я эканамічнае права прамяняла на манікюр». Гісторыі людзей, якія плацілі за беларускую адукацыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Акадэмію МУС на самую масавую спэцыяльнасьць набралі толькі 38% абітурыентаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе за ўсімі сочаць». Як за год зьмянілася беларуская адукацыя