У Горадні затрымалі адвакатку з 18-гадовым стажам Юлію Юргілевіч
У яе дома прайшоў ператрус, паведамляе тэлеграм-канал «Пагоня».
Юргілевіч абараняла Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцэра. У лютым 2022 году яе выключылі са складу Горадзенскай абласной калегіі адвакатаў нібыта за «сыстэматычныя парушэньні заканадаўства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: два прысуды ў «справе Зельцара», затрыманьні ў Жлобіне, тры новыя палітвязьніЗатрымалі журналіста Паўла Мажэйку
Затрымалі кіраўніка горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» журналіста Паўла Мажэйку. Пра гэта паведамляе @Grodno_grab.
У сакавіку 2021 году Паўла Мажэйку затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Тады Мажэйку вызвалілі пасля 72 гадзін.
Павал Мажэйка — вядомы горадзенскі журналіст, адзін зь лідэраў грамадзка-культурнага жыцьця гораду. У 2002 годзе яго асудзілі на два гады хіміі за «паклёп» на Лукашэнку ў артыкуле ў газэце «Пагоня» пра зьнікненьні Захаранкі, Ганчара ды іншых апанэнтаў уладаў. Мажэйка кіраваў «Цэнтрам гарадзкога жыцьця» Горадні, які ўлады ліквідавалі летам 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Горадні закрыў культурную пляцоўку «Цэнтар гарадзкога жыцьця» пасьля паказу карціны мастака ПушкінаУ Менску затрымалі экскурсаводку Сьвятлану Грышкевіч
У «пакаяльным» відэа Сьвятлана кажа, што ў жніўні 2020 году брала ўдзел у пратэстах, а на адной з экскурсій «дапусьціла некарэктныя выказваньні на адрас Лукашэнкі», паведамляе «Медиазона».
Святлана Грышкевіч — менская экскурсаводка і блогерка. У інстаграме яна расказвае пра сваю працу і горад. У лютым яна апублікавала антываенны пост: «Шаноўныя ўкраінцы, сябры. Трымайцеся. Мы з вамі. Вы заўсёды для беларусаў былі і ёсьць прыкладам годных і вольных людзей. Я ня ведаю як дапамагчы, але ўсім сэрцам і думкамі з вамі».
Сьвятлане Грышкевіч прысудзілі 12 сутак арышту.
Затрыманьні ў Кобрыні
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманьні АМАПам жыхароў Кобрыні. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрымлівалі тых, хто раней удзельнічаў у пратэстах, паведамляе «Вясна». Сярод затрыманых — хлопец Аляксандар і Яўген Папоў. Дома ў Яўгена правялі ператрус, забралі ноўтбук, ягоны тэлефон і частку грошай, якія знайшлі. Дзе ён цяпер, ніхто ня ведае.
У Смаргоні лекара асудзілі на 8 гадоў калёніі
10 чэрвеня праваабаронцы «Вясны» паведамлялі пра затрыманьне ў Смаргоні лекара 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі спэцыяліста УГД Яўгена Бужынскага.
Цяпер стала вядома, што лекару прысудзілі да 8 гадоў калёніі за «распальваньне сацыяльнай варожасьці» ў інтэрнэце (арт. 130 КК) і за хабар. Ніякіх падрабязнасьцяў па справе не вядома.
Суды ў Жлобіне
У Жлобіне прайшлі суды над затрыманымі супрацоўнікамі аддзелу ідэалёгіі БМЗ.
Адказную сакратарку газэты «Металург» Марыю Бажынскую пакаралі 20 базавымі штрафу, а сацыёляга Дзьмітрыя Арцёменку арыштавалі на 12 сутак, паведаміў «Белсат».