На БМЗ у Жлобіне затрымалі двух супрацоўнікаў аддзела ідэалёгіі
Паводле папярэдняй інфармацыі, учора днём у аддзел ідэалёгіі Беларускага мэталюргічнага заводу прыяжджалі супрацоўнікі АМАП. Сілавікі затрымалі Марыю Бажынскую, якая працуе адказным сакратаром заводзкага выданьня «Мэталюрг» і сацыёляга Дзьмітрыя Арцёменку, паведамляе «Гомельская Вясна».
Як стала вядома «Сильным Новостям», іх ужо асудзілі. Марыі Бажынскай Марыі прысудзілі 640 рублёў штрафу (20 базавых велічынь), а Дзьмітрыю Арцёменку — 12 дзён адміністрацыйнага арышту.
У прэс-службе БМЗ сытуацыю не камэнтуюць.
Да 2,5 гадоў калёніі асудзілі студэнта, які «хацеў дапамагаць Украіне»
У Берасьцейскім абласным судзе за «падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны» (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК) 2,5 гадоў асудзілі студэнта 1-га курса Андрэя Маслава. Хлопца затрымалі ў сярэдзіне траўня наўпрост каля ўкраінскай мяжы і знайшлі ў тэлефоне перапіску з ботам батальёна Каліноўскага, паведамляе «Вясна».
На судзе студэнт распавёў, што пасьля 24 лютага стаў менш цікавіцца вучобай і пачаў шукаць варыянты, як дапамагчы ўкраінскаму баку перамагчы. Маслаў вырашыў трапіць ва Ўкраіну, каб аказаць любую дапамогу, якая можа спатрэбіцца, але прыярытэт у дапамозе быў бы такі: у першую чаргу мэдыцынская, потым лягістычная, тэхнічная, і толькі ў самым канцы баявая.
Пракурор Марчанка запрасіў для Маслава 3 гады калёніі, судзьдзя Сяргей Беразюк прызначыў хлопцу 2,5 года калёніі агульнага рэжыму.
У Беларусі 3 новыя палітвязьні
Праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі яшчэ 3 чалавек. Гэта:
- Аляксей Іванчыкаў — асуджаны за гвалт у дачыненьні да сілавіка да 2,5 гадоў калёніі за спробу ўцячы пры затрыманьні, выказваньне крытыкі ў дачыненьні да сябраў выбарчай камісіі падчас рэфэрэндуму, а таксама за антываенныя выказваньні;
- Андрэй Андрэеў — асуджаны да 2 гадоў калёніі за пагрозу гвалтам у дачыненьні да вайскоўца падчас антываеннага мітынгу за некалькі крокаў у бок гэтага вайскоўца, якія суд палічыў пагрозьлівымі паводзінамі;
- Аляксандар Комар — асуджаны да 3 гадоў калёніі за пагрозу гвалтам у дачыненьні да вайскоўца падчас антываеннага мітынгу за некалькі крокаў у бок гэтага вайскоўца, якія суд палічыў пагрозлівымі паводзінамі, і за рэгістрацыю ў тэлеграм-боце «Пляну Перамога».
Па стане на 30 жніўня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўжо 1309 чалавек.
Палітзьняволеную грамадзянку РФ Соф'ю Сапегу пазбавілі віда на жыхарства ў Беларусі
Праваабаронцам стала вядома, што Соф'ю пазбавілі спатканьня з роднымі — нібыта за тое, што яна падзялілася з кімсьці цыгарэтай. Таксама паведамляецца, што дзяўчыну — грамадзянку РФ — пазбавілі віда на жыхарства ў Беларусі.
6 траўня Горадзенскі абласны суд асудзіў Соф'ю Сапегу да 6 гадоў калёніі. Яе абвінавацілі адразу паводле 7 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Таксама зь яе спагналі на карысьць пацярпелых матэрыяльную кампэнсацыю маральнай шкоды на агульную суму 167 500 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька асуджанай Соф’і Сапегі выплаціў кампэнсацыю, што робіць магчымым памілаваньне ці экстрадыцыі ў РасеюДва прысуды ў «справе Зельцара»: 3 і 2,5 года калёніі за камэнтары ў інтэрнэце
Суд Асіповіцкага раёну 29 жніўня асудзіў у «справе Зельцара» палітзьняволенага мясцовага жыхара Мікалая Галаўкова да 3 гадоў пазбаўленьня волі і штрафу ў 3400 рублёў, піша Mayday Team. Мужчыну судзілі ў закрытым рэжыме паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369), абраза Лукашэнкі (арт. 368) і дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1).
Справу разглядала судзьдзя Тацяна Сакратарова.
Вядома, што ў эпізодзе пра «абразу прадстаўніка ўлады» гаворка ідзе пра інцыдэнт, зьвязаны са сьмерцю Андрэя Зельцара, які стрэліў у супрацоўніка КДБ. Дзяржаўная абвінаваўца запатрабавала для Галаўкова чатыры гады пазбаўленьня волі і штраф у 6400 рублёў, аднак судзьдзя Сакратарова скараціла памер пакараньня.
Пад вартай Галаўкоў утрымліваецца ўжо 11 месяцаў — з 30 верасьня мінулага года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 жніўня: новы прысуд у «справе Зельцара», яшчэ 15 сутак музыку БанцэруУ Берасьці прысудзіў да 2,5 года калёніі 30-гадовага Сьцяпана Талкачова ў справе аб распальваньні варожасьці (артыкул 130 КК) за камэнтар пра супрацоўніка КДБ Федасюка, які загінуў падчас перастрэлкі. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Падставай для крымінальнай справы стаў камэнтар Талкачова ў Instagram, дзе было напісана: «Адным кадэбэшнікам менш, адным больш. [Няма чаго] без дазволу ў дамы чужыя ўрывацца».
Сьцяпана Талкачова затрымалі 29 верасьня 2021 году — на наступны дзень пасьля перастрэлкі. Як піша «Берасьцейская Вясна», падчас судовага паседжаньня Сьцяпан не прызнаў сваёй віны. Пры гэтым ён прызнаў аўтарства камэнтара, але падкрэсьліў, што нічога ім не навязваў і ні да чога нікога не заклікаў.
«Вейшнорыю» прызналі «экстрэмісцкай»
Суд Лідзкага раёну 19 жніўня прызнаў інфармацыйную прадукцыю старонак «Veisnoria \ Вейшнория» ў Youtube, Telegram, Укантакце, «Одноклассниках», Instagram, Facebook і TikTok «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былому начальніку часткі МНС далі 1,5 года калёніі ў «справе Зельцара»Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).