Ва Ўкраіне апублікавалі фатаздымкі, зробленыя пасьля абстрэлу 28 жніўня расейскімі войскамі Запароскай АЭС.
Як сьцьвярджае ўкраінскі вайсковы журналіст Андрэй Цапліенка, расейскія войскі пацэлілі паміж другім і трэцім рэактарамі (абодва цяпер не працуюць. — РС), пашкодзіўшы пакрыцьцё на пляцоўцы.
Украінская кампанія «Енергоатом», якая кіруе ўсімі АЭС ва Ўкраіне, раніцай 29 жніўня паведаміла, што расейцы цягам апошніх сутак працягалі абстрэльваць Энэргадар і пляцоўку Запароскай АЭС. У выніку раненьні атрымалі 10 мірных жыхароў, у тым ліку чатыры — супрацоўнікі атамнай электрастанцыі.
Паводле кампаніі, рэактары, якія былі падключаныя пасьля аварыйнага спыненьня, стабільна выпрацоўваюць электраэнэргію.
У той жа час у выніку абстрэлаў пашкоджана інфраструктура станцыі і існуюць рызыкі выкіду вадароду і радыяактыўных рэчываў. Рыхтуючыся да прыезду місіі МАГАТЭ, расейцы «ўзмацнілі ціск на ўкраінскі пэрсанал станцыі, каб яны не расказвалі аб яе выкарыстаньні як вайсковай базы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ накіравала місію спэцыялістаў на Запароскую АЭС, захопленую расейскімі войскаміМэр гораду Энэргадару Дзьмітро Арлоў заявіў, што расейскія войскі ўвечары пачалі актыўна абстрэльваць Нікапаль і Марганец, каб справакаваць удары ўкраінцаў па Запароскай АЭС.
Увечары 28 жніўня сапраўды адбылося некалькі выбухаў у жылых раёнах Энэргадара. Абодва бакі абвінавачваюць у нападзе адзін аднаго. Паводле ўкраінскага мэра гораду, дакладна вядома пра 10 мясцовых жыхароў, якія атрымалі шматлікія раненьні рознай цяжкасьці, двое зь іх шпіталізаваныя ў вельмі цяжкім стане.
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што цяпер Расея рэалізуе так званую «іранскую» стратэгію, каб адтэрмінаваць прыезд місіі МАГАТЭ на Запароскую АЭС. Раней стала вядома, што ў склад місіі ўвайшлі прадстаўнікі нэўтральных да Расеі краін, а прадстаўнікоў ЗША і Вялікай Брытаніі не ўключылі.
Паводле экспэртаў ISW, маніпуляцыі з грамадзянствам інспэктараў і нападкі на «справядлівасьць» інспэкцый МАГАТЭ — гэта тактыка, якую Іран ужо даўно выкарыстоўвае, каб прыхаваць свае перашкоды для місій МАГАТЭ.
Раней пра сфармаваную групу паведаміў кіраўнік Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі. Ён таксама вызначыў асноўныя мэты місіі, якая прыедзе ва Ўкраіну:
- ацаніць фізычныя пашкоджаньні;
- вызначыць функцыянальнасьці сыстэм бясьпекі і абароны;
- ацаніць умовы пэрсаналу;
- выканаць тэрміновыя ахоўныя мерапрыемствы.
Горад Энэргадар і Запароская АЭС, найбуйнейшая ў Эўропе, з канца лютага пад кантролем расейскіх войскаў.
Цягам лета Расея і Ўкраіна неаднаразова абвінавачвалі адна адну ў абстрэлах атамнай электрастанцыі і стварэньні пагрозы ядзернай бясьпецы. Расея разьмясьціла каля станцыі вайсковую тэхніку.
Украіна і Расея абвінавацілі адна адну ў абстрэле жылых раёнаў Энэргадару вечарам 28 жніўня. Бакі лічаць гэта правакацыяй напярэдадні візыту спэцыялістаў МАГАТЭ. Паведамляецца пра 9 загінулых у выніку ўдараў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.