Навіны палітвязьняў: сваякі Аўтуховіча зьбіраюць грошы на адваката, Пачобут чакае перадачы справы ў суд

Турма ў Горадні. Ілюстрацыйнае фота

Праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1307 чалавек. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Родныя Аўтуховіча зьбіраюць грошы на адваката

Мікалая Аўтуховіча і шэраг зьвязаных зь ім, на думку сьледзтва, людзей затрымалі 1 сьнежня 2020 году.

Улады абвясьцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая нібыта дзейнічала на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці і падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Мікалая абвінавачваюць адразу паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

З 11 ліпеня па 1 жніўня Аўтуховіч трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці і не дастаўляюць газэт. Ягоныя родныя адкрылі збор сродкаў на адвакатаў для Мікалая, бо грошы на іх аплату скончыліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалай Аўтуховіч паскардзіўся ў суд на ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА

Справу журналіста Анджэя Пачобута неўзабаве перададуць у суд

Пра гэта ён сам напісаў у лісьце.

«Дзякуй за памяць і неабыякавасьць да майго лёсу; вядома ж, вельмі прыемна ўсьведамляць, што пра цябе не забыліся, і гэта нягледзячы на тое, што зьняволеньне цягнецца 17-ы месяц. У мяне ўсё стабільна. Турма, камэра, краты — усё ўжо знаёмае і свойскае :)

Праўда, відаць, хутка перамены будуць. Цяпер знаёмлюся з справай крымінальнай. Гэта значыць, што неўзабаве яна будзе перададзена ў суд. Наконт ягоных вынікаў я ня маю ілюзій, са спакоем прыму прысуд і са спакойнай душой паеду ў лягер. Што ж, такі мой лёс. Заўжды ведаў, што калі ў Беларусь прыйдуць такія часы, то я буду сядзець у турме. Як паказвае мая сёньняшняя рэчаіснасьць, я не памыляўся. Цяпер у турме шмат цікавых людзей, таму тут таксама ёсьць з кім пагаварыць, паспрачацца і падыскутаваць».

Анджэй Пачобут — адзіны зь пяці фігурантаў «польскай справы», хто застаецца за кратамі. У верасьні будзе паўтара года, як ён знаходзіцца ў зьняволеньні. Журналіста зноў перавялі на «Валадарку» ў Менск.

Як расказалі ягоныя блізкія, Анджэй сядзіць у «шанхаі» — падвальным памяшканьні. У ягонай камэры прыкладна на 25 «квадратаў» знаходзіцца каля 25 чалавек. Асабістага месца ў вязьняў вельмі мала. Улетку ў камэрах горача.

Большасьць часу журналіст праводзіць у «кабінэтах», бо знаёміцца са справай. Там сьпёку пераносіць лягчэй. У Анджэя хворае сэрца, і гарачыня пагаршае стан.

На азнаямленьне ідзе ўвесь час з 9:30 да 17:40 зь перапынкам на абед. Яму далі на гэта месяц, які ўжо заканчваецца. У справе шмат тамоў, там сустракаюцца гістарычныя дакумэнты. Нядаўна стала вядома, што на дадатак да абвінавачаньня ў «распальваньні варожасьці» Пачобуту выставілі яшчэ адно — у «закліках да санкцый, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы».

Зьняволены мае праблемы са страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Таму ён амаль нічога ня есьць, хіба што дыетычныя турэмныя кашы, і моцна схуднеў. Адзеньне колішняга памеру, якое яму перадаюць блізкія, на ім ужо вісіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачобут у «шанхаі», Борыс у Горадні. Што цяпер зь фігурантамі «польскай справы»

Палітвязьня Ўладзімера Сушко перавялі з «хіміі» ў магілёўскую калёнію

Праваабаронцам стала вядома, што жыхара Жлобіна Ўладзімера Сушко, якому зьмянілі рэжым на больш жорсткі, перавялі ў папраўчую калёнію № 15.

Раней суд Жлобінскага раёну асудзіў Уладзімера на 2 гады «хіміі» за камэнтар пра міліцыянта ў тэлеграм-канале.

Мужчыну прызналі вінаватым па арт. 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады). З 3 сакавіка 2021 году адбываў тэрмін у горадзенскай папраўчай установе № 24.

Aдрас: ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадзкая шаша 183, Уладзімер Мікалаевіч Сушко.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 жніўня: яшчэ адзін вырак удзельніку пратэстаў 2020 году ў Жлобіне

Заробак Максіма Знака ў калёніі падняўся амаль у 18 разоў

Палітвязень Максім Знак, асуджаны да 10 гадоў калёніі, у лісьце на волю распавёў пра свой заробак у калёніі:

«Пра заробкі свае я не пісаў, бо баяўся, што не паверыш, палічыш, што маню. Але ўсё па-сапраўднаму, што яшчэ раз сьведчыць аб тым, што адданая праца прыводзіць да выдатных вынікаў. Уяві толькі, мой заробак падняўся амаль у 18 разоў. Гэта не жартачкі, а сапраўдны цуд! Апошнія тры месяцы я зарабляў крыху больш за 3 рублі на месяц! Спадзяюся, вы мной будзеце ганарыцца. Але як працуе тут сыстэма я дагэтуль не разумею. Можа хутка зноў будзе 17 капеек — так склалася».

Максім Знак — беларускі юрыст, адвакат і палітык, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады.

6 верасьня 2021 году Менскі абласны суд прызнаў Максіма Знака вінаватым у злачынствах, прадугледжаных ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу і прысудзіў 10 гадоў пазбаўленьня волі. Гаворка ідзе, у прыватнасьці, аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні такім фармаваньнем, публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Знак у зьняволеньні напісаў тры кнігі. Заробак палітвязьня за мінулы месяц — 18 цэнтаў