Улады прызналі, што губляюцца навуковыя сувязі з заходнімі краінамі

Ілюстрацыйнае фота

Пасьля ўвядзеньня санкцый дэградуюць даўно наладжаныя навуковыя сувязі, заявіў старшыня Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналёгіях Сяргей Шлычкоў у эфіры праграмы «Тыдзень» на тэлеканале СТВ.

«Пэўнае супрацоўніцтва, скажу так, працягваецца. Але мы бачым, як паступова дэградуюць тыя сувязі, якія былі наладжаны, напэўна, нават дзесяцігодзьдзямі. Гэта трэба канстатаваць, гэта так», — паведаміў Сяргей Шлычкоў.

«Нейкая частка праектаў, якія рэалізаваліся збольшага па ініцыятыве Эўразьвязу, яшчэ намі працягваецца — дзейныя праекты з тэрмінам іх завяршэньня 2024–2025 гг.», — зазначыў кіраўнік ДКНТ.

Ён лічыць цяперашняе становішча «шляхам у нікуды».

«На жаль, пераможцаў тут ня будзе. Разрывы сувязяў паміж навукоўцамі, як правіла, паказваюць, што цярпяць усе».

Шлычкоў таксама паведаміў, што плянуецца павелічэньне фінансаваньня зь дзяржаўнага бюджэту на навуковыя распрацоўкі і тэхналёгіі: «Плянаваньне бюджэту на наступны год на ўзроўні камітэту скончана. Мы канстатуем павелічэньне аб’ёму фінансаваньня прыкладна на 20–25%. Гэта прыблізна 506 млн рублёў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледнік нацыянальнай ідэі: «З часу задушэньня паўстаньня 1863–1864 гадоў Беларусь зьяўляецца часткай „русского мира“»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інжынэру — ад 600 рублёў, эканамісту — ад 1000. Колькі цяпер гатовыя плаціць спэцыялістам у Беларусі