У Літве судзяць прарасейскага актывіста. Ён абражаў беларусаў, а ў залі суду адмовіўся размаўляць па-літоўску

Партрэты ў памяць ахвяр рэжыму Лукашэнкі каля амбасады Беларусі ў Вільні

У судзе мужчына сказаў, што лічыць сябе беларус.

Прарасейскі актывіст Лаўрынас Рагельскіс паўстаў перад судом у Вільні па абвінавачваньні ў распальваньні варажнечы і апаганеньні мэмарыялу ў памяць аб ахвярах беларускага пратэсту, піша Delfi.

Згодна з матэрыяламі справы, у кастрычніку 2020 году Рагельскіс каля амбасады, на вуліцы Міндоўга ў Вільні, здымаў відэа, на якім кпіў з групы людзей і выкладаў гэта ў сацыяльныя сеткі. Таксама падазраюць, што Рагельскіс апаганіў мэмарыял у памяць аб загінулых — партрэты загінулых ад рук рэжыму Лукашэнкі.

«Я па-літоўску не разумею, я не разумею абвінавачваньня, я лепш разумею па-расейску», — сказаў ён на пасяджэньні суда па-расейску, хоць са СМІ і іншымі людзьмі ў зале пасяджэньня гаварыў па-літоўску. Затым Рагельскіс наогул заявіў, што зьяўляецца беларусам.

Судзьдзя Міраслаў Гваздовіч выклікаў у залю перакладчыка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нацыянальным музэі Літвы знайшлі новыя беларускія тэксты, якія могуць належаць Кастусю Каліноўскаму

Рагельскіс спачатку заявіў, што яму ня ў той форме падалі дакумэнты, потым сказаў, што ў яго няма адваката. На пасяджэньне суду зь ім прыйшла працаўніца Беларускай абшчыны Галіна Шымановіч.

Судзьдзя дазволіў абвінавачанаму знайсьці адваката і перанёс пасяджэньне на 26 верасьня. Пасьля заканчэньня пасяджэньня Рагельскіс зноў загаварыў па-літоўску.

Рагельскіса ў сваім дакладзе аб пагрозах нацыянальнай бясьпекі Літвы згадваў Дэпартамэнт дзяржбясьпекі Літвы. Паводле зьвестак выведкі, гэты чалавек «курыруе антызаходнія і прарасейскія артыкулы на плятформе на літоўскай мове».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На рэнавацыю помніка Францішку Аляхновічу на віленскіх Росах сабралі ўжо каля 2 тысяч эўра
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У верасьні ў Вільні запрацуе беларуская тэатральна-фальклёрная студыя. Пачаўся набор дзяцей