У «сьпіс грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», МУС 26 жніўня ўнесла прозьвішчы яшчэ пяці чалавек.
Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
У пералік унесены дадзеныя:
- Аксаны Касьпяровіч, настаўніцы музычнай школы зь Ліды, якую 29 чэрвеня Горадзенскі абласны суд пакараў па арт. 130 Крымінальнага кодэксу пазбаўленьнем волі на год і два месяцы ў калёніі агульнага рэжыму;
- Паўла Мякіша, жыхара Горадні, які быў асуджаны тым самым судом па арт. 16, 130, 203-1;
- Вадзіма Кавалёва, жыхара Віцебску, асуджанага судом Кастрычніцкага раёну па арт. 370 (вызвалены, але судзімасьць не пагашана);
- Ганны Вольскай, жыхаркі Магілёву, асуджанай судом Ленінскага раёну па арт. 369;
- палітвязьня Валерыя Кліменчанкі, жыхара Маладэчны, асуджанага Менскім абласным судом па арт. 130.
Усяго пералік налічвае 469 пазыцыяў. Абсалютная большасьць фігурантаў сьпісу — грамадзяне Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 «экстрэмістаў», 19 «тэрарыстаў». Што адбываецца зь беларускай культурай, расказвае Тацяна НядбайАртыкулы, якія інкрымінавалі фігурантам:
- арт. 16 КК — саўдзел у злачынстве;
- арт. 130 — распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці;
- арт. 203-1 — незаконныя дзеяньні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестках;
- арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;
- арт. 370 — зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў.