Па зьвестак Нацыянальнага ўпраўленьня па барацьбе са стыхійнымі бедзтвамі (NDMA), агульная колькасьць загінулых у Пакістане ў выніку мусонных дажджоў гэтага сэзону зь сярэдзіны чэрвеня дасягнула 982 чалавек, яшчэ 1456 чалавек пацярпелі.
Акрамя таго, было разбурана 682 139 дамоў, 149 мастоў і 122 крамы.
25 жніўня ўрад Пакістану абвясьціў «агульнанацыянальнае надзвычайнае становішча» ў краіне.
Міністар у пытаньнях зьмены клімату Пакіствану Шэры Рэхман назвала паводкі «гуманітарнай катастрофай эпічных маштабаў», у выніку якой тысячы людзей засталіся бязь ежы і прытулку.
У пятніцу прэмʼер-міністар Пакістану Шахбаз Шарыф заявіў, што ад паводкі пацярпелі 33 мільёнаў чалавек (каля 15% жыхароў краіны).
Больш за ўсё пацярпелі паўднёвыя правінцыі Белуджыстан і Сінд, на тэрыторыі якіх зафіксавана больш за палову ўсіх пацьверджаных ахвяраў стыхіі.
У Белуджыстане, найбуйнейшай правінцыі Пакістана, па стане на пятніцу загінулі ня менш як 260 чалавек, рэгіён апынуўся фактычна ў інфармацыйнай і камунікацыйнай блякадзе. Паветраныя, аўтамабільныя і чыгуначныя зносіны там прыпыненыя, разбураны або пашкоджаны дзясяткі тысяч дамоў, загінула больш за паўмільёна галоў жывёлы. Не лепшая сытуацыя і ў правінцыі Сінд, дзе колькасьць пацьверджаных ахвяраў паводак ужо дасягнула 320 чалавек.
Мусонныя дажджы, якія суправаджаюцца паводкамі, — звыклая для жыхароў Паўднёвай Азіі прыродная зьява. Практычна штогод яны прыводзяць да разбурэньняў і гібелі людзей. Аднак сёлета бедзтва набыло сапраўды эпічныя маштабы, закрануўшы ўсе без выключэньня рэгіёны Пакістану.
Мусонны сэзон у Пакістане звычайна працягваецца з другой паловы чэрвеня па верасень, аднак першыя ліўні могуць пачацца і раней. Асаблівасьць 2022 году — звышдажджлівы жнівень. У гэтым месяцы, ў Пакістане ўжо выпала 166,8 мм ападкаў пры сярэднім значэньні для гэтага пэрыяду 48 мм.