У кампаніі бачаць сур’ёзныя рызыкі для бясьпечнай працы ЗАЭС з прычыны прысутнасьці на станцыі расейскіх вайскоўцаў, іх зброі, тэхнікі і выбухоўкі.
«У выніку пэрыядычных абстрэлаў пашкоджаньні зьведала інфраструктура станцыі, існуюць рызыкі ўцечкі вадароду і распыленьня радыеактыўных рэчываў, высокая і пажарная небясьпека», — заявілі ў «Енергоатоме».
Як сьцьвярджаюць у «Енергоатоме», на працягу апошніх сутак расейскія вайскоўцы ў чарговы раз абстрэльвалі пляцоўку ЗАЭС, пашкоджаньні высьвятляюцца. Тым ня менш, учора два энэргаблёкі ЗАЭС пасьля прыпыненьня зноў падключылі да энэргасеткі, яны працягваюць вырабляць электраэнэргію для патрэбаў Украіны. «Заўваг да працы абсталяваньня і сыстэм бясьпекі няма», — дадалі ў «Енергоатоме».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхарам Запарожжа пачалі выдаваць ёд у таблеткахРасейскія СМІ: Запароская АЭС пастаўляе электраэнэргію як ва Ўкраіну, так і на акупаваныя тэрыторыі
Электраэнэргія, якую выпрацоўваюць пяты і шосты энэргаблёкі Запароскай АЭС, пастаўляецца на акупаваную Расеяй тэрыторыю Украіны, заявіў «РИА Новости» прадстаўнік прызначанай Расеяй акупацыйнай адміністрацыі Запароскай вобласьці Уладзімір Рогаў.
Як удакладняе выданьне, электраэнэргія адначасова пастаўляецца як на кантраляваныя Кіевам тэрыторыі, так і на акупаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна вярнула ў энэргасеткі першы з трох спыненых блёкаў Запароскай АЭС. МАГАТЭ патрабуе тэрміновую місіюЗапароская АЭС у апошнія тыдні падвяргаецца абстрэлам, у якіх Расея і Ўкраіна абвінавачваюць адна адну. На гэты момант станцыя знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў — у СМІ зьяўляліся паведамленьні аб базаваньні на тэрыторыі АЭС расейскай ваеннай тэхнікі. Акрамя абстрэлаў, станцыя мае праблемы з энэргазабесьпячэньнем, што таксама можа прывесьці да парушэньня яе функцыянаваньня.
- Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. З таго часу Кіеў і Масква неаднаразова абвінавачвалі адзін аднаго ў абстрэлах тэрыторыі побач з АЭС. На станцыі пры гэтым працягвае працаваць украінскі тэхнічны пэрсанал.
- ААН заклікала Расею і Украіну стварыць вакол станцыі дэмілітарызаваную зону. З аналягічным заклікам выступала Ўкраіна, заклік падтрымалі некалькі краінаў, у тым ліку ЗША і дзяржавы ЭЗ. Масква заяўляе, што расейскія вайскоўцы разьмешчаныя на АЭС толькі для яе аховы ва ўмовах вайны.
- Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) ужо некалькі тыдняў настойвае на адпраўцы сваёй місіі на Запароскую АЭС, адзначаючы, што з-за вайны атамная станцыя аказалася «цалкам па-за кантролем».