26 жніўня літоўскія памежнікі затрымалі 26 жніўня затрымалі 122 мігрантаў, якія спрабавалі незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу Літвы з боку Беларусі, піша Delfi.lt.
У Польшчу 26 жніўня спрабавалі патрапіць 53 мігранты, сярод якіх былі грамадзяне Нэпалу і Бангладэш. Яны незаконна перасеклі мяжу праз поймы рэк Сьвіслач і Валкушанка. Акрамя таго, былі затрыманыя 2 памагатыя з Іраку, якія маюць від на жыхарства ў Нямеччыне, паведамляе Польская памежная служба.
На ўчастку мяжы зь Літвой супрацоўнікі Падляскага аддзела памежнай службы сёньня затрымалі чарговых арганізатараў і саўдзельнікаў нелегальнай міграцыі — траіх грамадзян Грузіі і аднаго — Украіны. Яны перавозілі 20 грамадзян Эгіпту. Іншаземцы незаконна перасеклі мяжу зь Беларусі ў Літву, а потым — у Польшчу.
На мяжы Латвіі зь Беларусьсю ўчора было спакойна — нелегалаў выяўлена не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкорд гэтага году: літоўскія памежнікі за дзень разьвярнулі 124 мігрантаў зь БеларусіЗ канца ліпеня-пачатку жніўня Літва фіксуе рост колькасьці нелегальных мігрантаў з боку Беларусі. Агулам са 3 жніўня 2021 году Літва не прапусьціла амаль 13 тысяч нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць на тэрыторыю краіну зь Беларусі, некаторыя зь іх спрабавалі трапіць у Літву неаднаразова. У 2021 годзе зь Беларусі ў Літву нелегальна прыбылі амаль 4,2 тысяч мігрантаў.
У Дзяржаўнай памежнай ахове Латвіі таксама сьцьвярджаюць, што плынь мігрантаў на латвійска-беларускай мяжы павялічваецца, пры гэтым беларускі бок дапамагае мігрантам, пашкоджваючы агароджу ў асобных месцах.
Таксама мігранты працягваюць спробы незаконна трапіць зь Беларусі на тэрыторыю Польшчы. Толькі за ліпень польскія ўлады зафіксавалі 914 спробаў нелегальнага перасячэньня беларуска-польскай мяжы. З пачатку году больш за 7 тысяч мігрантаў спрабавалі нелегальна трапіць у Польшчу зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Служба аховы дзяржмяжы Літвы: Беларускія памежнікі суправаджаюць нелегальных мігрантаў да месцаў, дзе яшчэ няма плота ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З помсты». У Літве заявілі, што беларускія памежнікі шкодзяць агароджу, будаўніцтва якой мусяць завяршыць у верасьні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На латвійска-беларускай мяжы зноў павялічылася плынь мігрантаў, — кіраўнік памежнай аховы Латвіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку году больш за 7 тысяч мігрантаў спрабавалі нелегальна трапіць у Польшчу зь БеларусіМігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.