У Воршы са стральбой затрымалі 71-гадовага мужчыну: яго падазраюць у забойстве супрацоўніцы пошты, рабаваньні і падпале аддзяленьня

Ілюстрацыйнае фота

У Оршы затрымалі 71-гадовага мясцовага жыхара, якога падазраюць у падпале паштовага аддзяленьня і забойстве супрацоўніцы, паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Паводле прэс-службы МУС, 26 жніўня невядомы зайшоў у аддзяленьне пошты ў адсутнасьць іншых наведвальнікаў, забіў супрацоўніцу, выкраў з касы больш за 3 000 рублёў і падпаліў памяшканьне.

Вывучыўшы запісы з камэр назіраньня, міліцыянты апазналі ў ім «раней неаднаразова судзімага» 71-гадовага жыхара Воршы.

Згодна з паведамленьнем прэс-службы МУС, пры затрыманьні мужчына спрабаваў уцячы. Сілавікі ўжылі супраць яго зброю, мужчына шпіталізаваны з агнястрэльнымі раненьнямі.

«Для кіраўніцтва апэратыўна-вышуковымі мерапрыемствамі на месца выбываў асабіста міністар унутраных спраў Іван Кубракоў», — падкрэсьліваюць у ведамстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі толькі праз 6 гадоў затрымалі мужчыну, які няўдала спрабаваў абрабаваць лямбард у Менску