Аглядная канфэрэнцыя ААН па выкананьні Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі (ДНЯЗ) завяршылася без выніковага дакумэнта. Расея пагадненьне не ўхваліла, паведамляе Аssociated Press.
У ім сярод іншага крытыкаваўся вайсковы захоп Расеяй Запароскай АЭС, які стварае рызыкі ядзернай аварыі.
«Я бачу, што на дадзены момант канфэрэнцыя ня ў стане дасягнуць згоды па сваёй прадметнай рабоце», — сказаў старшыня канфэрэнцыі Густава Злаўвін пасьля выступу прадстаўніка МЗС Расеі Ігара Вішнявецкага.
Вішнявецкі падчас выступу сьцьвярджаў, што многія краіны — ня толькі Расея — «ня згодныя з цэлым шэрагам пытаньняў», якія носяць «адкрыта палітычны характар».
Раней на гэтым тыдні амбасадар ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд заявіла, што ЗША дамагаюцца ўзгадненьня выніковага пратаколу канфэрэнцыі, у якім будзе прызнана, што «вайна Расеі і яе безадказныя дзеяньні ва Ўкраіне сур’ёзна падрываюць асноўную мэту ДНЯЗ». У адказ амбасадар Расеі Васіль Небензя абвінаваціў ЗША і іх саюзьнікаў у тым, што яны «палітызуюць работу над выніковым дакумэнтам, ставячы свае геапалітычныя інтарэсы ў пакараньні Расеі вышэй за калектыўныя патрэбы ва ўмацаваньні глябальнай бясьпекі».
У праекце выніковага пратаколу, зь якім азнаёмілася агенцтва Associated Press, ёсьць чатыры згадкі Запароскай АЭС. Ухваліўшы дакумэнт, краіны выказалі б «сурʼёзную занепакоенасьць наконт ваенных дзеяньняў» на ядзерных абʼектах або паблізу іх і падкрэсьлілі б «першарадную важнасьць забесьпячэньня іх кантролю з боку кампэтэнтных органаў Украіны». Таксама ў дакумэнце падтрымліваюцца намаганьні МАГАТЭ па наведваньні ЗАЭС.
Для публікацыі камюніке патрабавалася ўхваленьне 191 краіны — усіх удзельнікаў Дамовы, накіраванай на стрымліваньне распаўсюджваньня ядзернай зброі і ў выніку — на дасягненьне міру безь яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будуць рабіць ЗША і NATO, калі Расея скарыстае ядзерную зброю? Думкі пра непамыснае- Канфэрэнцыя ААН па аглядзе ДНЯЗ праводзіцца кожныя 5 год. Якая павінна была адбыцца ў 2020 годзе, але з прычыны пандэміі каранавірусу яе адклалі. Наступная заплянаваная на 2026 год.
- Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі станцыю неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. З таго часу Кіеў і Масква неаднаразова абвінавачвалі адзін аднаго ў абстрэлах тэрыторыі побач з Запароскай АЭС.
- ААН заклікала Расею і Ўкраіну стварыць вакол станцыі дэмілітарызаваную зону. З аналягічным заклікам выступала Ўкраіна, заклік падтрымалі 42 краіны, у тым ліку ЗША і дзяржавы ЭЗ. Масква сьцьвярджае, што расейскія вайскоўцы разьмешчаныя на АЭС толькі для яе аховы ва ўмовах вайны.
- Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі ўжо некалькі тыдняў настойвае на адпраўцы сваёй місіі на ЗАЭС, адзначаючы, што праз вайну атамная станцыя аказалася «цалкам па-за кантролем».