У адказе Зяленскі адзначыў, што падставы і парадак набыцьця грамадзянства краіны вызначаюцца Законам «Аб грамадзянстве Ўкраіны». Атрымаць яго могуць замежнікі і асобы без грамадзянства, якія праходзяць або праходзілі ваенную службу ва Ўзброеных сілах Украіны па кантракце, маюць выдатныя заслугі перад Украінай або прыняцьце іх у грамадзянства ўяўляе дзяржаўны інтарэс для краіны.
Прэзыдэнт Украіны нагадаў, што ўжо неаднаразова прымаў рашэньні і выдаваў указы аб наданьні грамадзянства замежным добраахвотнікам, якія ваююць за Ўкраіну.
Таксама Зяленскі заявіў, што ў сфэры грамадзянства былі ініцыяваныя заканадаўчыя зьмены, накіраваныя ў тым ліку і на вырашэньне пытаньняў атрыманьня грамадзянства Ўкраіны добраахвотнікамі зь іншых краін.
Варта адзначыць, што Зяленскі адказаў на пэтыцыю яшчэ ў пачатку жніўня, але СМІ заўважылі гэта толькі цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія і ўкраінскія праваабаронцы заклікалі ўлады Ўкраіны спрасьціць легалізацыю беларусаўУ пачатку чэрвеня на сайце Зяленскага зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем даць украінскае грамадзянства паводле паскоранай працэдуры замежным добраахвотнікам (у тым ліку беларусам), якія ваююць на баку Ўкраіны.
Аўтары звароту, сярод іншага, нагадалі, што грамадзяне Беларусі, якія трапілі ў палон, не абароненыя канвэнцыямі, як ваеннапалонныя, іх абмен немагчымы, а на радзіме ім пагражае крымінальная адказнасьць ажно да сьмяротнага пакараньня. Менш як за 3 месяцы пэтыцыя сабрала больш за 28 тысяч подпісаў (пры неабходным мінімуме ў 25 тысяч).
Многія беларусы з пачатку вайны сталі на абарону Ўкраіны, сфармаваліся полк Каліноўскага і полк «Пагоня», таксама беларусы ваююць у шэрагах УСУ. Па падліках штабу Ціханоўскай, на баку Ўкраіны ваююць каля 1500 беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байцы палку Каліноўскага атрымалі ўкраінскія дзяржаўныя ўзнагароды. Фотафакт ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі беларусы. Колькі іншаземцаў і зь якіх краін змагаюцца на баку Ўкраіны ў вайне з Расеяй ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўгода ідзе вайна ва Ўкраіне. Асноўныя факты і лічбы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 сьмерцяў беларускіх добраахвотнікаў і іншыя лічбы і факты пра вайну ва Ўкраіне, якая ідзе ўжо 150 дзён