У інтэрвію Свабодзе Шчыгельскі расказаў, як бачыць на практыцы тое, да чаго заклікаў два гады таму. Ніжэй прыводзім некаторыя вытрымкі з інтэрвію, якое цалкам можна паглядзець на Youtube.
«Калі пратэстоўцы пачынаюць дзейнічаць рашуча, то войскі, якія ахоўваюць тырана, не выконваюць загаду страляць у натоўп»
«У жніўні 2020 году каля рэзыдэнцыі Лукашэнкі было 200 тысяч чалавек. Калі б там была частка людзей, гатовых на больш рашучыя дзеяньні, на штурм палаца, то посьпех быў бы. Лукашэнка тады бегаў з аўтаматам ужо пасьля таго, як людзі разышліся. Гэта вельмі важнае ўдакладненьне. А ў той момант ён лятаў на верталёце і аглядаў. Ці расстралялі б гэтых людзей? Ніхто на гэта ня можа адказаць. Як у 1917 годзе, так і падчас Францускай рэвалюцыі, часта адбываецца так, што калі пратэстоўцы пачынаюць дзейнічаць рашуча, то войскі, якія ахоўваюць тырана, не выконваюць загаду страляць у натоўп.
«Канфэрэнцыя ў Вільні стала крокам наперад для апазыцыі і грамадзтва»
«Перад канфэрэнцыяй у Вільні мы бачылі ўсе прыкметы крызісу беларускай апазыцыі: крызісу лідэрства і крызісу ў шырокім сэнсе. З гэтага крызісу было толькі два выйсьці: або рух да аб’яднаньня, або паўтор сытуацыі з 2007 году, той сытуацыі, якая была зь Мілінкевічам. Канфэрэнцыя стала крокам наперад для апазыцыі і грамадзтва, таму я гляджу на гэта з асьцярожным аптымізмам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба рыхтавацца да сілавога мэтаду, але гэта не азначае крывавай рэвалюцыі». Азараў і Сахашчык праводзяць сёньня важную нараду«Сахашчык можа стаць фігурай, зь якой будуць дамаўляцца»
«Нават калі генэралам і сілавікам не падабаецца тое, што адбываецца, ім трэба да кагосьці пайсьці і дамаўляцца. Такія дамоўленасьці ня могуць быць дасягнуты фармалізавана, яны трымаюцца толькі на аўтарытэце чалавека, зь якім дамаўляюцца. Сярод тых фігураў, якія былі ў жніўні 2020 году, не было ніводнай такой асобы, зь якой маглі б дамаўляцца сілавікі. Калі зоркі складуцца, то Сахашчык можа стаць такой фігурай, зь якой будуць дамаўляцца. Зьяўленьне сілы, нават за мяжой, робіцца фактарам, які ўплывае і на палітыку ўнутры Беларусі, на атачэньне Лукашэнкі. Сама сіла і пагроза яе прымяненьне ўплывае на палітычную сытуацыю».
«Групы па 2-3 асобы, у падпольлі, бо іншага выйсьця беларусам не пакінулі»
«Задачы для „сілавога кабінэту“ наступныя. У Беларусі трэба рыхтаваць людзей, маленькія групы, па 2-3 асобы. Гэтая сетка будзе ў падпольлі, бо іншага выйсьця беларусам не пакінулі. Трэба рыхтавацца да наступнага крызісу і быць гатовымі працаваць. За мяжой людзі таксама рыхтуюцца. Я ведаю, што і ў 2020-м беларусы з замежжа ехалі ў Беларусь, спадзеючыся, што нешта зьменіцца. І я ўпэўнены, што будуць магчымасьці, каб гэтыя людзі маглі трапіць у Беларусь, не абавязкова на джыпах, а цалкам цывілізавана. Важна аб’яднаць добраахвотніцкі рух ва Ўкраіне. Павінна быць выведка, контравыведка».
«Адны сілавыя дзеяньні, без грамадзкай падтрымкі, таксама нічога ня вырашаць»
«Рэжымы такога тыпу, як пабудаваў Лукашэнка, немагчыма зьнесьці пратэстамі безь сілавога кампанэнту. На гэтую тэму існуе некалькі дасьледаваньняў. Але мы не павінны казаць: або сілавыя дзеяньні, або выключна мірныя акцыі і негвалтоўны працэс. Патрэбны комплексныя дзеяньні, якія будуць уключаць у сябе і сілавыя. Гэта тое, чаго не хапіла ў 2020 годзе. Цяпер грамадзтва сасьпела, сасьпела і апазыцыя. Але адны сілавыя дзеяньні, без грамадзкай падтрымкі, таксама нічога ня вырашаць. Без такіх акцыяў, як у 2020-м, гэта ня мае шанцаў на посьпех. Маюць значэньне ўсе гэтыя інструмэнты, і яны павінны выкарыстоўвацца разам».
«Калі ўзьнікне рэвалюцыйныя сытуацыя, то да справы далучацца нашы добраахвотнікі і беларусы замежжа»
«Мы ня можам прагназаваць, калі адбудзецца чарговы выхад беларусаў на вуліцы. Але мы можам дакладна казаць, што калі ў нас будзе наступны варыянт крызісу і калі паўторыцца тая сытуацыя, якая была ў жніўні 2020-га, трэба дарабіць тое, што не дарабілі тады. Мы ня можам прадбачыць, калі гэта адбудзецца, але павінны рыхтавацца да такой сытуацыі. Ніхто ніколі ў гісторыі ня змог сплянаваць, выклікаць і правесьці рэвалюцыі. Рэвалюцыйную сытуацыю немагчыма стварыць штучна. Яна ўзьнікае натуральным чынам. І тады ёю можна скарыстацца. І тады да справы могуць далучыцца беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне, і тыя беларусы замежжа, якія рыхтуюцца, і тыя структуры, якія неабходна будаваць унутры Беларусі».
«Нам трэба вывучаць досьвед Майдану 2014 году»
«Я лічу, што нам трэба вывучаць досьвед Майдану 2014 году, як і досьвед любых іншых рэвалюцый. Тады ўсё вырашыла група некалькіх сотняў чалавек з самааховы, якія арганізаваліся і штурмавалі рэзыдэнцыю Януковіча, зь якой ён уцёк і фактычна страціў уладу».
«Беларус не павінен страляць у беларуса»
«Ідзе вайна, і гэта шмат на што ўплывае. Я вельмі спадзяюся, што пераможа Ўкраіна. Гэта будзе азначаць сур’ёзны крызіс у Расеі. Гэта зь вялікай імавернасьцю прывядзе да таго, што Пуцін сыдзе, што пачнуцца зьмены ў палітычнай сыстэме РФ. Магчыма, імпэрыі ў яе сёньняшнім выглядзе не застанецца. І тады будзе паўтор 1918 і 1991 году, калі беларусы мелі акно магчымасьцяў, каб будаваць сваю незалежную дзяржаву. Валер Сахашчык агучыў на канфэрэнцыі вельмі добры тэзіс: Беларус не павінен страляць у беларуса».