Італьянская паліцыя сумесна зь Фінансавай гвардыяй затрымалі трох грамадзян Беларусі ва ўзросьце 32, 37 і 46 гадоў, якіх падазраюць у дапамозе нелегальнай міграцыі, паведамляе паліцэйскае ўпраўленьне правінцыі Сіракуза.
Паводле зьвестак італьянскіх праваахоўнікаў, беларусы кіравалі ветразевым суднам, якое перавозіла 106 нелегальных мігрантаў, якія, як мяркуецца, плылі ад узьбярэжжа Турэччыны і былі выратаваныя ў міжнародных водах суднам недзяржаўнай арганізацыі.
На этапе выратаваньня на моры трое беларусаў адмовіліся ад пасадкі на карабель НДА і ўцяклі на борце парусьніка, на якім яны плылі. Патрульны катэр Фінансавай гвардыі перахапіў іх раніцай 22 жніўня ў тэрытарыяльных водах Італіі і даставіў у порт Сіракузы.
Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, на беразе праваахоўнікі правялі неабходныя сьледчыя дзеяньні, у выніку якіх выявілі віну затрыманых беларусаў, пасьля выкананьня юрыдычных фармальнасьцяў іх даставілі ў турму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуса, які перавозіў мігрантаў у Польшчу, дэпартавалі і забаранілі ўезд на 5 гадоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 этапаў мігранцкага крызісу, які пачаўся пагрозай Лукашэнкі, а скончыўся сьмерцю польскага дэзэртыра і закрыцьцём лягеру мігрантаў