Лукашэнка загадаў «знайсьці і ўзнагародзіць» усіх сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў здушэньні пратэстаў у 2020 годзе

Менск, 10 жніўня 2020 г.

Аляксандар Лукашэнка аддаў распараджэньне ўзнагародзіць усіх прадстаўнікоў сілавых структураў, якія бралі ўдзел у падаўленьні масавых пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Пра гэта ён заявіў 24 жніўня на цырымоніі ўручэньня дзяржаўных узнагародаў чарговай групе сілавікоў, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі «Пул первого».

Лукашэнка падкрэсьліў, што ўзнагароды атрымаюць «усе хлопцы», якія «на сьмерць стаялі на вуліцах, якія былі траўмаваныя... але не адступілі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ера падкасту «Красаўцы». Як сілавікоў рыхтавалі да вайны з народам

«Няхай гэта будуць тысячы і тысячы людзей. Усіх знайсьці і ўзнагародзіць... хто быў з намі на барыкадах у тыя жнівеньскія і верасьнёўскія дні, абараняючы наша мірнае жыцьцё», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, узнагароды неабходна ўручыць нават тым, хто «сёньня ўбірае хлеб на камбайне, звольніўшыся з шэрагаў Узброеных сілаў».

Падзеі 2020 году ён назваў «цяжкімі», але, паколькі «мы з вамі справіліся і выстаялі», «гэтай старонкай гісторыі мы можам ганарыцца», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падкаст «Красаўцы». Як беларусы выйшлі з-пад кантролю

«Мы тады зрабілі практычна немагчымае. Гэта была прэлюдыя да тых падзей, якія зараз адбываюцца ў сьвеце і, у прыватнасьці, ва Ўкраіне», — заявіў Лукашэнка.

Ён лічыць, што «расслабляцца рана, усё толькі пачынаецца».

Гаворачы пра беларускія дэмакратычныя сілы, ён назваў іх «нават ня беглай апазыцыяй», а «мяцежнікамі», якія не перастаюць ажыцьцяўляць з-за мяжы «масіраваную і гібрыдную агрэсію супраць нашай дзяржавы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падкаст «Красаўцы». Хто загадаў катаваць беларусаў

Паведамляецца, што ўзнагароды за «высокі прафэсіяналізм» атрымалі тры дзясяткі прадстаўнікоў Мінабароны, МУС, Памежнага камітэту, КДБ і Службы бясьпекі прэзыдэнта.

Адзначаныя таксама цывільныя асобы — «за праяўленую рашучасьць і мужнасьць у складаных умовах пры забесьпячэньні бясьпекі і навядзеньні парадку ў краіне ў жніўні і восеньню 2020 году».

Усяго ва ўказе Лукашэнкі аб узнагароджаньні каля 100 чалавек.