Па словах Лукашэнкі, «Беларусь і далей працягне выступаць за захаваньне згоды, разьвіцьцё дружалюбных узаемапаважлівых кантактаў на ўсіх узроўнях».
Ён пажадаў украінцам «мірнага неба, талерантнасьці, мужнасьці, сілы і посьпехаў у аднаўленьні годнага жыцьця».
Падаляк: пасьля перамогі Кіеў абмяркуе ўсе адценьні «мірнага неба» зь беларускімі ўладамі
Дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк, камэнтуючы «Зеркалу» віншаваньні Аляксандра Лукашэнкі ўкраінцам, заявіў, што пасьля перамогі Кіеў мае намер дэталёва абмеркаваць усе аспэкты адценьняў «мірнага неба над Украінай».
«Мяркую, што спадар Лукашэнка сур’ёзна лічыць, што сьвет не фіксуе прамога саўдзелу ягонай палітычнай групы ў наўмысных злачынствах супраць Украіны. І таму працягвае наладжваць публічную кляўнаду. Учора актыўна расказваў, што за 3-4 дні ўсё скончыцца і непаслухмяных украінцаў выражуць, а сёньня, у найлепшых традыцыях цынікаў, жадае Ўкраіне „мірнага неба“, адпраўляючы з уласных аэрадромаў тоны сьмяротных снарадаў для нападу на мірныя ўкраінскія гарады», — заявіў Падаляк.
Ён адзначыў, што «цынізм яго зразумелы, празрысты і юрыдычна зафіксаваны».
«Таму проста неабходна дачакацца правільнага фіналу вайны, краху расейскай крывавай імпэрыі, каб дэталёва абмеркаваць усе аспэкты адценьняў „мірнага неба над Украінай“ з прадстаўнікамі цяперашняй беларускай адміністрацыі», — дадаў Міхаіл Падаляк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўгода ідзе вайна ва Ўкраіне. Асноўныя факты і лічбыРэжым Лукашэнкі дазволіў расейскім войскам доступ на тэрыторыю Беларусі, адкуль расейцы робяць баявыя вылеты авіяцыі для бамбаваньня ўкраінскіх гарадоў, а таксама выпускаюць ракеты па ўкраінскай тэрыторыі. За саўдзел у вайне, разьвязанай Расеяй, на Рэспубліку Беларусь наклалі міжнародныя санкцыі.
Дзень Незалежнасьці Ўкраіны — дзяржаўнае сьвята Ўкраіны, якое адзначаецца штогод 24 жніўня ў гонар прыняцьця Вярхоўнай Радай Украінскай ССР Акту абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны, што лічыцца датай аднаўленьня незалежнай дзяржавы Ўкраіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фальшывае братэрства аднаго Каіна і двух Абэляў. Параза Ўкраіны можа азначаць канец Беларусі