Украінская фрыланс-плятформа Lemon.io адмовілася працаваць зь беларусамі

Ілюстрацыйная выява

Плятформа для фрылансэраў з Украіны Lemon.io не супрацоўнічае зь беларускімі айцішнікамі. Такое паведамленьне ад каманды Lemon.io атрымаў чытач dev.by.

«Дзякуй за заяўку. З лютага 2022 году і пачатку вайны ва Ўкраіне наша кампанія не працуе зь беларускімі айцішнікамі і кліентамі. Такім чынам, нашае супрацоўніцтва немагчымае», — паведаміла беларусу прадстаўніца рэкрутынгавай каманды Lemon.io.

Lemon.io — плятформа, якая дапамагае амэрыканскім стартапам знаходзіць ІТ-фрылансэраў ва Ўкраіне і Ўсходняй Эўропе. Паводле інфармацыі ain.ua, у 2021 годзе плятформа выйшла на паказчык $ 500 000 GMV у месяц (Gross merchandise value — сукупны аб’ём продажаў) і выплаціла ўкраінскім фрылансэрам агулам $ 7 млн.