На экранах у менскім грамадзкім транспарце пачалі паказваць ролікі пра гісторыю Беларусі. Неўзабаве на партале «Зручны горад» зьявілася пэтыцыя менчукоў да Менскага гарвыканкаму з просьбай даць тлумачэньні аб аўтарах відэа і спыніць паказ ролікаў у грамадзкіх месцах. Прычынай сталі прарасейскія пасылы і псэўдагістарычныя «факты» ў відэа.
Гаворка ідзе пра анімацыйныя ролікі з праекту «Беларусь. Гісторыя». На Youtube-канале праекту апублікавана ўжо 46 відэа, усе запісаныя на расейскай мове, больш за траціну прысьвечаны савецкаму пэрыяду гісторыі, астатнія — больш даўнім падзеям. У відэа прасочваюцца прарасейскія пасылы. Аўтары пэтыцыі прааналізавалі некалькі ролікаў.
Напрыклад, у відэа пра Берасьцейскую унію дыктар сказаў, што ў 1596 годзе Сабор у Берасьці абвясьціў аб далучэньні праваслаўных да Каталіцкай царквы, але «народ і князі адмовіліся падпарадкоўвацца Папу Рымскаму і пачалі шматгадовую барацьбу за веру». А польскі кароль Уладзіслаў IV нібыта казаў, што унія ўведзена сілком «некаторымі духоўнымі асобамі з карысьлівымі мэтамі». Але насамрэч, адзначаюць аўтары пэтыцыі, Берасьцейская унія была заключана добраахвотна і несла ідэю аб’яднаньня Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў у ВКЛ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады не ўключылі беларускіх герояў мінуўшчыны ў факультатыў пра «мараль і патрыятызм»Аўтары пэтыцыі таксама зьвярнулі ўвагу на недарэчнасьць роліка «Валянціна Церашкова. Першая жанчына ў космасе» ў праекце «Беларусь. Гісторыя», бо Церашкова ня мае да Беларусі ніякага дачыненьня і ня можа стаяць у адным шэрагу з Эўфрасіньняй Полацкай і іншымі беларускімі дзеячамі.
Аўтары звароту папрасілі Менгарвыканкам расказаць, хто аўтар ролікаў і праекту, ці ўдзельнічалі ў стварэньні прафэсійныя вучоныя-гісторыкі, хто і чаму прыняў рашэньне паказваць гэтыя відэа ў грамадзкіх месцах. Таксама папрасілі праверыць зьмест ролікаў на адпаведнасьць гістарычным фактам і ў выпадку парушэньня спыніць іх дэманстрацыю ў горадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры чым Аляксандар Неўскі да нашага Мазыра ў разгар вайны ва Ўкраіне?» У Мазыры хочуць высекчы частку лесапарку пад будоўлюМенгарвыканкам даў адказ за подпісам намесьніка кіраўніка Менску Арцёма Цурана. Ён паведаміў, што замоўцам ролікаў зьяўляецца сам Менгарвыканкам, іх паказваюць у рамках Году гістарычнай памяці з мэтай «павышэньня эфэктыўнасьці грамадзянска-патрыятычнага выхаваньня насельніцтва». Хто менавіта быў аўтарам, не пазначана.
Пры гэтым чыноўнік заявіў, што відэа пра Андрэя Полацкага нібыта пра змаганьне за праваслаўную веру і пра Берасьцейскую унію ў грамадзкім транспарце не дэманструюць. Ролік пра Церашкову дэманструецца і нават рэкамэндаваны да паказу, бо ён пра «гісторыю і дасягненьні СССР, у склад якога ўваходзіла Беларусь».
«Ваша меркаваньне пра зьмест відэаролікаў сацыяльнай рэклямы прынята да ўвагі», — гаворыцца ў лісьце ад Цурана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На якой мове ставім помнікі нашым продкам? ВІДЭА