Як піша «Вясна», верагодна, Андрэя Маслова будуць судзіць не за ўдзел, а толькі замах на ўдзел, але ў раскладзе суду гэта не пазначана. Праваабаронцы мяркуюць, што Маслоў хацеў ваяваць ва Ўкраіне.
Справу разглядае судзьдзя Сяргей Беразюк.
Каго яшчэ затрымалі і судзілі за спробы далуччыцца да добраахвотнікаў
Першай асобай у Беларусі, каму пасьля 24 лютага 2022 года, вынесьлі прысуд за тое, што хацеў далучыцца да добраахвотнікаў ва Ўкраіне стаў 37-гадовы жыхар Берасьця Сяргей Вайцюк — яго асудзілі да 2,5 года ў калёніі. Таксама да трох гадоў калёніі асудзілі 50-гадовага жыхара Салігоршчыны Міхаіла Лістападава.
Паводле абвінавачваньня, Вайцюк у сярэдзіне красавіка адправіўся на таксі ў Маларыцкі раён, у памежную зону каля дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай. Прыбыўшы на месца, абвінавачаны спрабаваў перасекчы мяжу ў напрамку Ўкраіны, у тым ліку па-за ўстаноўленым пунктам пропуску, аднак не давёў свой намер да канца, паколькі быў затрыманы праваахоўнымі органамі.
Судзьдзя Сьвятлана Крамянёўская прызначыла яму 2,5 года калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такога пакараньня прасіў пракурор Аляксандр Богуш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці і Гомлі пачаліся першыя суды супраць беларусаў за «падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне»26 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс над іншым затрыманым з той жа прычыны, што і Сяргей Вацюк, Міхаілам Лістападавым.
Яму таксама ставіцца ў віну арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
У сакавіку МУС заявіла, што супраць байцоў добраахвотніцкага батальёна імя Каліноўскага распачата крымінальная справа аб саўдзеле ў збройным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы, пасьля чаго пачаліся затрыманьні беларусаў, якія нібыта зьбіраліся адправіцца ва Ўкраіну і ваяваць у складзе палку — кагосьці выяўлялі праз фэйкавыя тэлеграм-боты, кагосьці затрымлівалі на мяжы.
Іх дзеяньні кваліфікуюцца як «падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяньнях без упаўнаважаньня дзяржавы» (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК). Часта да яе дадаюць «палітычныя артыкулы» 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і інш., адзначаюць праваабаронцы.
14 сакавіка праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманьне 53-гадовага жыхара Докшыц (Віцебская вобласьць) Сяргея Грыбовіча. Яму ставяцца ў віну два артыкулы — 130 і 361-3 КК.
16 траўня затрымалі мастака Андрэя Раптуновіча зь Менску. Спачатку яго арыштавалі на 14 дзён за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў». На волю ён ня выйшаў: склалі пратакол за дробнае хуліганства і прызначылі яшчэ 15 дзён арышту. Затым на Раптуновіча завялі крымінальную справу паводле арт. 361-1 і 361-3.