Кіраўнік зьнешняй палітыкай ЭЗ Бурэль выказаўся супраць татальнай візавай забароны для расейцаў

Жузэп Бурэль

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль скрытыкаваў прапанову некаторых дзяржаваў-чальцоў ЭЗ, якія мяжуюць з Расіяй, забараніць грамадзянам РФ уезд на тэрыторыю ўсіх дзяржаваў Зьвязу.

Пра гэтую пазыцыю Бурэля паведаміла агенцтва Bloomberg.

«Забараніць уезд усім расейцам — гэта нядобрая ідэя, — заявіў Бурэль у Гішпаніі. — Мы павінны падыходзіць выбарчна».

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі заявіў, што ЭЗ не павінен адчыняць свае дзьверы для алігархаў, але што «ёсьць шмат расейцаў, якія хочуць уцячы з краіны, таму што яны не хочуць жыць у гэтай сытуацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы: «Трэба сказаць выразнае „не“ турыстам з Расеі і Беларусі»

Міністры замежных справаў дзяржаваў ЭЗ 31 жніўня зьбяруцца ў Празе, каб абмеркаваць прапанову аб забароне на выдачу візаў для расейскіх турыстаў.

Эстонія ўвяла поўную забарону на выдачу візаў расейскім грамадзянам і заявіла, што будзе працягваць поўную забарону на шэнгенскія візы для грамадзянаў РФ, нават калі такое рашэньне ня будзе прынятае ва ўсім ЭЗ.

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заклікаў быць асьцярожнымі ў дачыненьні да шырокай візавай забароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія перастане ўпускаць расейцаў з выдадзенымі ёю шэнгенскімі візамі

Бурэль сёньня заявіў, што некаторыя краіны ўжо прынялі пэўную колькасьць мер па візавых забаронах, якія іншыя краіны ЭЗ падтрымліваць не зьбіраюцца. Паводле яго лепш было б спачатку абмеркаваць гэта на ўзроўні ўсяго Зьвязу.

Выступаючы ў Празе, міністар замежных справаў Чэхіі Ян Ліпаўскі заявіў, што яго ўрад, які зараз старшынюе ў ЭЗ, будзе дамагацца прыпыненьня пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж ЭЗ і Расеяй і Беларусьсю.

«Здаецца, гэта дасягальна», — сказаў Ліпаўскі. «Мы хочам пачаць дыскусію аб абмежаваньні выдачы віз расейцам і беларусам. Меркаваньні дзяржаваў-чальцоў на гэты конт разыходзяцца, і наперадзе нас чакае вялікая праца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі прапанаваў расейцам атрымліваць статус бежанцаў у выпадку пагроз