Сацыёлягі ва Ўкраіне дасьледавалі, чаго больш хочуць людзі падчас вайны: дэмакратыі ці «моцнай рукі»

Партрэты загінулых украінскіх салдат у Кіеве

Ва Ўкраіне канстатуюць парадаксальную тэндэнцыю — ва ўмовах вайны ў грамадзтве адначасова павялічылася колькасьць людзей, якія аддаюць перавагу і дэмакратыі, і «моцнай руцэ».

Паводле апытаньня Фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» і Цэнтру Разумкова, для 64% рэспандэнтаў найбольш пажаданы тып дзяржаўнага ладу ва Ўкраіне — дэмакратыя.

Сацыёлягі адзначаюць, што гэты паказчык найбольшы за апошнія гады назіраньняў:

  • да 2014-га прыярытэтнасьць дэмакратыі падтрымлівалі менш за 50%, а пасьля Рэвалюцыі Годнасьці гэты паказьнік павялічыўся да 54%.
  • У той жа час 14% рэспандэнтаў паведамілі, што, на іхную думку, пры пэўных абставінах аўтакратыя можа быць лепшай за дэмакратыю,
  • і яшчэ 13% грамадзян сказалі, што для іх няважна, які будзе тып рэжыму.

Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што запыт на «моцную руку», наадварот, пасьля Рэвалюцыі Годнасьці зьмяншаўся.

  • Але цяпер сытуацыя зьмянілася — больш за 58% апытаных адзначылі, што некалькі моцных лідэраў могуць зрабіць для краіны больш, чым усе законы і дыскусіі. Да пачатку вайны гэты паказьнік не перавышаў 55%.

«Аднак такое павелічэньне істотна меншае, чым павелічэньне падтрымкі дэмакратыі. Варта адзначыць, што найвышэйшыя паказьнікі падтрымкі „моцнай рукі“ былі зафіксаваныя яшчэ ў канцы „нулявых“ і складалі амаль 75%», — адзначаюць сацыёлягі.

  • У той жа час 31% рэспандэнтаў паведамілі, што ў абмен на ўласны дабрабыт гатовыя да абмежаваньняў сваіх правоў і грамадзянскіх свабод,
  • 47%, наадварот, заявілі аб тым, што гатовыя цярпець матэрыяльныя складанасьці дзеля асабістай свабоды і гарантый выкананьня ўсіх грамадзянскіх правоў,
  • а 22% апытаных яшчэ ня вызначыліся з адказам.

Апытаньне з 5 да 12 жніўня праводзілі супольна Фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы» і сацыялягічная служба Цэнтру Разумкова. У 112 населеных пунктах апыталі 2024 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў.

Тэарэтычная хібнасьць не перавышае 2,3%. Разам з тым, сьцьвярджаюць сацыёлягі, дадатковыя сыстэматычныя адхіленьні выбаркі могуць быць абумоўленыя наступствамі расейскай агрэсіі, у прыватнасьці, вымушанай эвакуацыяй мільёнаў грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 39% украінцаў страцілі працу з пачатку вайны, — апытаньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнакамандуючы Ўкраіны: з пачатку вайны загінулі амаль 9 тысяч украінскіх вайскоўцаў