Беларуская сьпявачка Мерыем Герасіменка, якую на пачатку жніўня затрымалі з прычыны песьні на ўкраінскай мове, якую яна выканала ў Менску на вуліцы Зыбіцкай, ня выйшла на волю пасьля 15 сутак арышту.
Паводле @zerkalo_io, дзяўчыну зноў асудзілі — 10 жніўня ёй яшчэ раз прысудзілі 15 сутак арышту.
Як сказалі ў канцылярыі суду, сьпявачку судзілі па артыкуле 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
У жніўні кіраўніка бару «Банки-бутылки», дзе выступала Мерыем, Андрэя Жука пакаралі 30 днямі арышту. Са словаў калегі, Андрэя судзілі паводле адразу двух артыкулаў КаАП: 24.3 (непадпарадкаваньне) і «за перасылку чагосьці апазыцыйнага» (хутчэй за ўсё, ідзецца пра артыкул 19.11 — распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У Андрэя двое малых дзяцей.
Яшчэ аднаму супрацоўніку бару, у якога ў тэлефоне знайшлі «перасылку паведамленьня з рэсурсу, прызнанага экстрэмісцкім», у судзе Цэнтральнага раёну прысудзілі 14 дзён арышту.
3 жніўня ля бару «Банки-Бутылки» на вуліцы Зыбіцкай у Менску маладая сьпявачка Мерыем Гера (сапраўднае прозьвішча — Герасіменка) выканала па-ўкраінску песьню гурту «Океан Ельзи». Прапагандысцкія тэлеграм-каналы абурыліся гэтаму, назваўшы яе выступ «бэчэбэшным шабашам», а саму выканаўцу — «змагарскай сьпявачкай ротам». Пасьля чаго і сьпявачка, і кіраўнік бару «Банки-бутылки» Андрэй Жук (бар лічыўся арганізатарам выступу) перасталі выходзіць на сувязь.
З словаў аднаго з супрацоўнікаў бару, да іх прыходзілі ўсе магчымыя службы: прадстаўнікі санітарна-эпідэміялягічнай службы, МНС, а ўрэшце супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС.
Паводле «Вясны», першую справу Мерыем разглядаў суд Цэнтральнага раёну Менску, тады ёй прысудзілі 15 сутак.