Як паведамілі на БелАЭС, з 22 па 26 жніўня экспэрты Маскоўскага цэнтру Сусьветнай асацыяцыі арганізацый, якія эксплюатуюць атамныя электрастанцыі, правядуць місію тэхнічнай падтрымкі досьведу эксплюатацыі АЭС.
Яны ацэняць стан Беларускай АЭС і падзеляцца сваімі напрацоўкамі ў галіне эксплюатацыі атамнай электрастанцыі.
Тым часам першы энэргаблёк БелАЭС знаходзіцца на «плянавым рамонце» ўжо чатыры месцы. Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Сяргей Раянтовіч паведаміў сайту Zerkalo:
«На гэты момант першы блёк яшчэ знаходзіцца ў рамонце. Да канца месяца павінен быць уведзены».
У красавіку першы энэргаблёк Беларускай атамнай электрастанцыі быў выведзены ў «плянава-папераджальны рамонт». Такія плянавыя тэхналягічныя работы штогод праводзяцца на атамных станцыях для забесьпячэньня стабільнага працоўнага стану абсталяваньня, гаварылі ў Мінэнэрга.
Тады ў ведамстве таксама часткова плянавалі перазагрузіць у рэактар сьвежае ядзернае паліва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь дагэтуль не падпісала пагадненьне з Расеяй пра перапрацоўку ядзернага паліва з Астравецкай АЭСПершы энэргаблёк Беларускай атамнай электрастанцыі ўвялі ў прамысловую эксплюатацыю 10 чэрвеня 2021 году. Да аб’яднанай энэргасыстэмы краіны яго падключылі 3 лістапада 2020 году. З моманту ўключэньня ў сетку і да першага плянавага папераджальнага рамонту на першым энэргаблёку выпрацавалі больш за 9,3 млрд кВт/г электраэнэргіі.
Зрэшты, за ўвесь гэты час энэргаблёк неаднаразова адключалі ад сеткі — агулам прастою набегла на 295 дзён (з 655), гэта 45% ад усяго часу работы станцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рызыкі ўцечкі вадароду і распыленьня радыеактыўных рэчываў»: пасьля абстрэлаў адключылі адзін з энэргаблёкаў Запароскай АЭС