«У складзе палка Каліноўскага сфармаваны батальён „Ліцьвін“. У хуткім часе воіны батальёну будуць выконваць баявыя задачы на фронце», — паведаміла 22 жніўня афіцыйная прадстаўніца палку Крысьціна «Чабор».
«Адзначым, што колькасьць беларусаў, якія гатовыя са зброяй у руках даць адпор расейскаму нашэсьцю, няўхільна расьце. На мінулым тыдні на базу прыбыла новая група рэкрутаў, якая ўжо залічана ў навучальную роту і пад кіраўніцтвам інструктараў пачала навучаньне», — дадала яна.
Прадстаўніца вайсковага фармаваньня таксама нагадала, што на мінулым тыдні склад палка «зазнаў пэўныя зьмены».
«Як мы ўжо паведамлялі, частка батальёну “Тэрор” была аддзелена ад палку з захаваньнем за сабой назвы падразьдзяленьня, “Тэрор”. Гэтыя перамены не закранулі баяздольнасьць і адзінства нашага палку. Кожны баец мае права на асабісты пункт гледжаньня ў розных пытаньнях, але ў кожнага з нас адна мэта, якая зьяўляецца падмуркам палку: мы вызваляем Беларусь праз вызваленьне Ўкраіны», — заявіла «Чабор».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Называюць чалавекам «Боцмана», меў канфлікт зь іншымі беларусамі-добраахвотнікамі. Хто такі «Вараг», якога звольнілі з палку Каліноўскага19 жніўня прэс-служба палку паведаміла, што камандаваньне вайсковай часткі Ўзброеных сіл Украіны, да якой адносіцца беларускае фармаваньне, звольніла камандзіра батальёну «Тэрор» з пазыўным «Вараг». Частка байцоў, якія не пагадзіліся з гэтым рашэньнем, была аддзелена ад палку з захаваньнем назвы падразьдзяленьня.
Батальён імя Кастуся Каліноўскага створаны ў пачатку сакавіка 2022 году. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк у складзе двух батальёнаў, пазьней абвешчана аб фармаваньні трэцяга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага патлумачыў прычыны звальненьня «Варага» — камандзіра аднаго з батальёнаў