У Падмаскоўі ўзарваўся аўтамабіль дачкі праварадыкальнага філёзафа і ідэоляга «русского мира» Аляксандра Дугіна, першымі пра гэта паведамілі тэлеграм-каналы Baza і Mash. Пазьней гэтую інфармацыю пацьвердзіў «кіраўнік ДНР» Дзяніс Пушылін. Паводле яго слоў, да здарэньня датычныя «тэрарысты ўкраінскага рэжыму», а іх мэтай быў бацька Дар’і Дугінай.
Па словах відавочцаў, аўтамабіль узарваўся падчас руху. За стырном знаходзілася 30-гадовая жанчына, яна загінула. Асноўная вэрсія здарэньня, якую разглядаюць расейскія сьледчыя — замах на забойства.
Дар’я Дугіна была палітычным аглядальнікам Міжнароднага эўразійскага руху, які ўзначальвае яе бацька. У ліпені 2022 году ўрад Вялікай Брытаніі ўключыў Дар’ю Дугіну (псэўданім Дар’я Платонава) у санкцыйны сьпіс за «распаўсюд дэзынфармацыі» аб вайне ва Ўкраіне. Яна рыхтавала «Книгу Z», дзеля якой узяла шэраг інтэрвію з прарасейскімі баевікамі з усходу Ўкраіны.
Аляксандра Дугіна называюць «мозгам Пуціна». Ён адзін з ідэолягаў сучаснага расейскага шавінізму, выступаў за ўвод расейскіх войскаў ва Ўкраіну і акупацыю практычна ўсёй яе тэрыторыі. Лічыцца, што ідэі Дугіна ўплываюць на палітыку Крамля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Ўкраіна не пераможа, нас чакаюць дзесяцігодзьдзі цемры». Тымаці Снайдэр пра Расею як фашысцкую дзяржаву ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У акупаваным Марыюпалі ўзарвалася бомба на шляху прызначанага Расеяй «мэра» горада