«На Валынскім і Палескім напрамках фармаваньне ўдарнай групоўкі войскаў узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі на мяжы нашай дзяржавы не выяўленае», —гаворыцца ў зводцы ўкраінскага ваеннага камандаваньня на 18 гадзін 20 жніўня.
Разам з тым, папярэдзілі ў Генштабе УСУ, захоўваецца пагроза нанясеньня «ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі і паветранай прасторы» Беларусі.
У сярэдзіне жніўня праект «Беларускі Гаюн» (прызнаны ўладамі экстрэмісцкім фарміраваньнем) прааналізаваў узбраеньне, якое знаходзіцца на аэрадроме Зябраўка ў Гомельскай вобласьці, і прыйшоў да высновы, што ў бліжэйшыя тыдні расейскія войскі рыхтуюцца нанесьці масіраваны ракетны ўдар па Ўкраіне.
16 жніўня РФ атакавала ваенны аэрадром у Жытомірскім раёне дзьвюма ракетамі Х-59, выпушчанымі знішчальнікам-бамбардзіроўшчыкам Су-34, які падняўся ў паветра зь беларускай тэрыторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка: беларускія спэцыялісты рамантуюць расейскія баявыя самалётыУ той жа дзень галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны заявіў, што разьмяшчэньне ракетных сыстэм уздоўж мяжы з боку Беларусі «выклікае неспакой». Асобна ён згадаў аэрадром у Зябраўцы.
Украінскія ўлады не выключаюць, што РФ можа нанесьці масіраваны ракетны ўдар 24 жніўня, калі краіна будзе адзначаць Дзень Незалежнасьці.
- 24 лютага Расея пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазнай, актыўна выкарыстоўвалася расійскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
- 21 ліпеня ў інтэрвію францускаму інфармацыйнаму агенцтву «Франс Прэс» Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што зь Беларусі ва Ўкраіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расейскіх войскаў. Пасьля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.