Ва Ўкраіне з пачатку вайны загінулі ня менш за 5,5 тысяч мірных жыхароў, сярод іх 363 дзіцяці. Рэальныя лічбы большыя

Зруйнаваны жылы дом у Барадзянцы, Кіеўская вобласьць. 6 красавіка 2022 году

З пачатку вайны Расеі супраць Украіны 24 лютага ва Ўкраіне загінулі як мінімум 363 дзіцяці, яшчэ 718 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці, паведамляе Офіс Генпракурора Ўкраіны.

Паводле зьвестак ведамства, больш за ўсё пацярпелых дзяцей у Данецкай (377), Харкаўскай (202) і Кіеўскай (116) абласьцях. Пры гэтым Генпракуратура Ўкраіны адзначае, што гэтыя дадзеныя — не канчатковыя. Падлік ахвяраў працягваецца ў месцах актыўных баявых дзеяньняў і на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях.

Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека зафіксавала 13212 выпадкаў гібелі або раненьня мірных мірных жыхароў ва Ўкраіне з пачатку вайны 24 лютага да 14 жніўня (апошнія апублікаваныя зьвесткі). Сярод іх:

  • 5514 загінулыя: 2125 мужчын, 1451 жанчына, 147 дзяўчынак і 170 хлопчыкаў, а таксама 39 дзяцей і 1582 дарослых, пол якіх пакуль вызначыць не ўдалося,
  • 7698 параненых: 1560 мужчын, 1149 жанчын, 164 дзяўчынкі і 231 хлопчык, а таксама 200 дзяцей і 4394 дарослых, пол якіх вызначыць не ўдалося.

У ААН адзначаюць, што рэальныя лічбы загінулых і параненых могуць аказацца значна большыя, бо немагчыма апэратыўна пацьвердзіць выпадкі гібелі або раненьня мірных жыхароў на акупаваных Расеяй тэрыторыях, а таксама ў раёнах актыўных баявых дзеяньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэеўка. Трагедыя адной украінскай вёскі

ААН: колькасьць уцекачоў з Украіны пасьля пачатку вайны набліжаецца да 11,2 млн чалавек

Паводле зьвестак агенцтва ААН па справах уцекачоў на 16 жніўня (статыстыка зьяўляецца з некаторым спазьненьнем), колькасьць уцекачоў з Украіны з 24 лютага, дасягнула 11 млн 150,6 тысяч чалавек.

Пры гэтым, паводле зьвестак ААН на 16 жніўня, з 28 лютага (дадзеныя ўлічваюцца з гэтай даты) ва Ўкраіну вярнулася з-за мяжы 4 млн 767, 9 тысяч чалавек.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.