У апошнія 10 гадоў расейцам у 77% выпадкаў адмаўлялі ў прытулку ў Эўропе. У якіх краінах найчасьцей яго прасілі

За апошнія 10 гадоў краіны Эўропы адхілілі 77% заявак расейцаў аб даваньні ім прытулку. Часьцей за ўсё расейцы імкнуліся патрапіць у Нямеччыну — у асноўным ім адмаўлялі, вынікае са зьвестак, сабраных праектам «Калі быць дакладным».

З 2012 году ў краінах Эўропы запыталі прытулак 153 тысячы грамадзян Расеі, за гэты ж час статус уцекача атрымалі 35 тысяч расейцаў. У сярэднім па краінах, пры першым разглядзе задавальняецца толькі пятая частка расейскіх заявак. Працэс можа займаць гады, зазначаюць юрысты.

Сярод краінаў Эўропы расейцы часьцей шукаюць прытулак у Нямеччыне. За дзесяць гадоў да яе зьвярнуліся амаль 54 тысячы расейцаў — больш за трэць усіх просьбаў аб наданьні прытулку ад грамадзян РФ. Нямеччына адмовіла ў 90% выпадкаў.

На другім месцы па папулярнасьці знаходзіцца Францыя. Расейцы накіравалі ёй больш за 42 тысячы заявак на прытулак. Францыя адхіліла 76% просьбаў.

Значная частка расейцаў спрабуе ўцячы ў Аўстрыю, Польшчу і Бэльгію — большасьці зь іх гэта не ўдаецца. З 2012 году просьбітам з Расеі ні разу не адмовіла толькі Мальта — у яе папрасілі прытулак дзесяць расейцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы: «Трэба сказаць выразнае „не“ турыстам з Расеі і Беларусі»

Расея ўварвалася на тэрыторыю Ўкраіны 24 лютага 2022 году. Пасьля гэтага з Расеі зьехалі дзясяткі тысяч чалавек. У адказ на гэта прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў краіны Эўропы спыніць выдачу візаў расейцам, а людзям, якіх перасьледуюць у Расеі, прапанаваў зьвяртацца па статус уцекача.

Прытулак можна запытаць, калі ёсць доказы, што чалавека неаднаразова пераследавала дзяржава (або афіляваныя з ім структуры) рознымі спосабамі з-за яго асабістай пазіцыі або дзейнасці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек не вінаваты ў тым, што ён грамадзянін Расеі — гэта ня выбар, гэта лёс», — Леанід Гозман
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Латвіі заклікаў ануляваць віды на жыхарства і візы тым, хто падтрымлівае Пуціна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія перастане ўпускаць расейцаў з выдадзенымі ёю шэнгенскімі візамі