У Чарнагорыі вынесьлі вотум недаверу ўраду пасьля пагадненьня з Сэрбскай праваслаўнай царквой

Патрыярх Парфірый і прэм'ер-міністар Чарнагорыі Дрытан Абазовіч падчас падпісаньня пагадненьня. Падгорыца, 3 жніўня 2022 году

Парлямэнт Чарнагорыі вынес вотум недаверу ўраду на чале з прэм’ер-міністрам Дрытанам Абазовічам. У пачатку жніўня Абазовіч падпісаў пагадненьне з Сэрбскай праваслаўнай царквой (СПЦ).

Пасьля дэбатаў за адстаўку ўраду прагаласавалі 50 дэпутатаў з 81. Апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі сацыялістаў, лідэрам якой зьяўляецца прэзыдэнт Міла Джукановіч, удалося прыцягнуць на свой бок некалькіх дэпутатаў з кіроўнай кааліцыі.

На думку ініцыятараў адстаўкі ўраду, каманда прэмʼер-міністра Абазовіча абяцала дабіцца прагрэсу ў рэформах для ўступленьня Чарнагорыі ў Эўразьвяз, але замест гэтага засяродзілася на адносінах з СПЦ, тым самым нагнятаючы напружанасьць у грамадзтве.

У адказ на рашэньне парлямэнту Абазовіч заявіў, што вотум недаверу прасоўвалі «злачынныя групоўкі», якія спансуюць «некаторыя палітычныя партыі», каб перашкодзіць антыкарупцыйнай кампаніі ягонага ўраду.

Цяпер прэзыдэнт Чарнагорыі прызначыць новага прэмʼер-міністра, кандыдатуру якога павінен будзе зацьвердзіць парлямэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Чарнагорыі падпісаў пагадненьне з Сэрбскай праваслаўнай царквой. Празаходнія партыі пратэстуюць
  • У пачатку жніўня Абазовіч падпісаў пагадненьне з патрыярхам СПЦ Парфірыем. Дакумэнт сярод іншага пацьвярджае права ўласнасьці царквы на нерухомасьць у Чарнагорыі. Абазовіч настойваў, што пакт дапаможа ўрэгуляваць рознагалосьсі паміж партыямі, якія выступаюць за ўступленьне ў Эўразьвяз, і тымі, хто падтрымлівае больш шчыльныя сувязі з Сэрбіяй і Расеяй.
  • Праваабарончыя групы і праэўрапейскія палітычныя партыі раскрытыкавалі пагадненьне, заявіўшы, што яно дае СПЦ занадта шмат улады ў параўнаньні зь іншымі рэлігійнымі суполкамі.
  • Дрытан Абазовіч узначаліў урад Чарнагорыі ў красавіку 2022 году, пасьля таго як быў абʼяўлены вотум недаверу папярэдняму кабінэту міністраў. Былога прэмʼер-міністра падтрымлівала СПЦ.
  • Пасьля выхаду зь дзяржаўнага саюза з Сэрбіяй у 2006 годзе ў Чарнагорыі працягваюць існаваць рознагалосьсі паміж тымі, хто ідэнтыфікуе сябе як чарнагорцаў, і тымі, хто выступаў супраць незалежнасьці краіны.
  • Чарнагорыя ўваходзіць у NATO з 2017 году і зьяўляецца кандыдатам на ўступленьне ў Эўразьвяз. Сэрбія спрабуе ўзмацніць свой уплыў у краіне, выкарыстоўваючы ў тым ліку СПЦ, якая лічыцца самай магутнай рэлігійнай абшчынай у Чарнагорыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Летам кватэра каштуе 1000 эўра, у іншыя месяцы — 250». Плюсы і мінусы жыцьця ў Чарнагорыі