«Гэта вельмі эмацыйна для мяне бачыць, як у Адэсе зноў грузяць збожжа на карабель. Гэты карабель — надзея для найбольш уразьлівых людзей і краінаў сьвету», — прызнаўся Антонію Гутэрыш на сваёй старонцы ў Twitter.
Міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў паведаміў 19 жніўня, што цяпер 10 сухагрузаў ужо рыхтуюцца да выхаду з партоў «Адэса», «Чарнаморск» і «Паўднёвы». Паводле яго, яшчэ 40 караблёў падалі заяўкі на ўваход ва ўкраінскія парты.
Аляксандар Кубракоў паведаміў, што ад моманту аднаўленьня марскога шляху паставак Украіна ўжо экспартавала 630 тысяч тон аграпрадукцыі, а ў плянах — павялічыць аб’ём і тэмпы перавалкі да 3–5 мільёнаў тон у месяц.
«Асаблівую ўвагу мы зьвяртаем на экспарт харчаваньня для афрыканскіх краінаў», — дадаў Аляксандар Кубракоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З украінскіх партоў выйшлі яшчэ 4 судны з кукурузай, алеем і насеньнем сланечнікаШто папярэднічала
Расея з пачатку свайго ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну з 24 лютага заблякавала Чорнае мора для праходу гандлёвых суднаў.
Акваторыю мора замінавалі як расейскі, так і ўкраінскі бакі — апошні з мэтай не дапусьціць высадкі расейскіх дывэрсійных групаў на ўзьбярэжжа Адэсы.
Адначасова расейскія войскі зьнішчылі некалькі вялікіх тэрміналаў, у якіх захоўвалася збожжа мінулага ўраджаю, а пасьля акупацыі часткі поўдня Ўкраіны збожжа выкрадалі і перавозілі ў Крым для наступнага продажу на замежных рынках.
Пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў вострава Зьмяінага ў Чорным моры зьявілася магчымасьць пастаўляць украінскае збожжа на сусьветны рынак па Дунаі, але не ў такіх вялікіх аб’ёмах, якіх патрабуе сусьветны рынак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампраміс у Стамбуле: ААН і Турэччына падпісалі 2 асобныя дамовы аб пастаўках украінскага збожжа: адну з Украінай, другую з РасеяйГенэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш ня раз заяўляў, што ўжо ў 2022 годзе ў шэрагу краінаў можа наступіць голад, а ў 2023-м будзе яшчэ горш. Вайну ва Ўкраіне ён назваў адной з галоўных, але не адзінай прычынай гэтага.
ААН разам з Турэччынай сталі пасярэднікамі ў перамовах Расеі і Ўкраіны аб разблякаваньні марскога шляху паставак.
У выніку 22 ліпеня ў Стамбуле было падпісана пагадненьне аб вывазе з Украіны збожжа і іншых харчовых тавараў праз украінскія чарнаморскія парты — ва ўмовах расейскага ўварваньня. Прадстаўнікі Ўкраіны і Расеі падпісалі два асобныя пагадненьні з прадстаўнікамі ААН і Турэччыны, якія павінны стаць гарантамі дамоўленасьцяў.
Паводле падпісаных дакумэнтаў, у Чорным моры павінны разблякаваць тры ўкраінскія парты: «Адэса», «Чарнаморск» і «Паўднёвы».
Першае судна выйшла з Адэсы 1 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З порту Адэсы выйшаў першы за час вайны карабель з украінскім зернем. У чарзе яшчэ 16 сухагрузаў. ВІДЭА