Сайт недзяржаўнай газеты «Народная воля» зноў заблякаваны. Да яго няма доступу як унутры краіны, так і за мяжой.
У рэдакцыі выданьня BPN пацьвердзілі аднаўленьне блякіроўкі. У сытуацыі будуць разьбірацца ўжо заўтра.
Сайт не абнаўляўся з 12 жніўня. Прычынай рэдакцыя назвала абмежаваньне доступу да сайта рашэньнем Міністэрства інфармацыі, зазначыўшы, што «блякіроўка настолькі глыбокая», што ў супрацоўнікаў выданьня зьнік доступ да адміністраваньня.
Доступ ненадоўга аднавіўся 18 жніўня дзякуючы VPN, рэдакцыя пасьпела разьмясьціць сем матэрыялаў, у тым ліку «Расея не ўратуе Беларусь, яна сама тоне».
- «Народная воля» — незалежная беларуская грамадзка-палітычная газэта, заснаваная ў 1995 годзе Ёсіфам Сярэдзічам пасьля таго, як указам Лукашэнкі ён быў адхілены ад кіраваньня «Народнай газетай», заснавальнікам якой быў Вярхоўны Савет.
- У 2021 годзе выданьне страціла магчымасьць выходзіць у Беларусі ў друкаваным выглядзе, рэдакцыя дастаўляе падпісчыкам па электроннай пошце pdf-вэрсіі нумароў.