Мэдыкі з барысаўскай паліклінікі пазначалі, што прымалі пацыентаў з дыягназам COVID-19, каб атрымаць ковідныя надбаўкі да зарплаты. Ім пагражала да чатырох гадоў пазбаўленьня волі, але ад крымінальнай адказнасьці абвінавачаных вызвалілі, паведамляе «Зеркало».
Такім чынам, як сьцьвярджаецца, яны атрымалі неабгрунтавана выплачаную надбаўку да заробку на суму 952,44 рубля і спрабавалі атрымаць яшчэ 1197,08 рубля.
«У сувязі з тым, што абвінавачаныя ўпершыню зьдзейсьнілі менш цяжкае злачынства, усьвядомілі ўчыненае, у поўным аб’ёме пакрылі прычыненую злачынствам шкоду, раней да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці не прыцягваліся, маюць сталае месца працы, характарызуюцца станоўча, суд прыйшоў да высновы, што абвінавачаных варта вызваліць ад крымінальнай адказнасьці, а вядзеньне па справе спыніць з прыцягненьнем да адміністрацыйнай адказнасьці, абраўшы меру адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе штрафу», — гаворыцца ў судовай пастанове.