Андрэеўка. Трагедыя адной украінскай вёскі

Ад пачатку ўварваньня Расеі тысячы населеных пунктаў Украіны апынуліся пад акупацыяй расейскай арміі. Узброеныя сілы Ўкраіны паступова вяртаюць украінскія тэрыторыі і вызваляюць гарады і вёскі ад акупантаў. Пасьля гэтага сьвет можа ўбачыць наступствы прысутнасьці расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне.

«Схемы», праект украінскай службы Радыё Свабода, дасьледавалі расейскую акупацыю на прыкладзе адной вёскі — Андрэеўкі Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці. Гэта працягвалася больш за месяц. У невялікай вёсцы з насельніцтвам менш за 1500 чалавек у лютым і сакавіку расейскія вайскоўцы забілі 14 мірных жыхароў, яшчэ трое загінулі ад бамбаваньняў. Акрамя таго, як мінімум двое вяскоўцаў загінулі празь нясвоечасовае аказаньне мэдычнай дапамогі і адсутнасьць доступу да лекаў. За час акупацыі было цалкам разбурана 70 дамоў, значна пашкоджана мясцовая школа, цалкам зраўнаны зь зямлёй дзіцячы сад.

З жыхарамі Андрэеўкі, якія перажылі акупацыю, пагутарыў журналіст Сяргей Андрушка. Яны расказалі пра забойства расейскімі вайскоўцамі сваіх сваякоў і аднавяскоўцаў, а таксама пра шматлікія катаваньні, біцьцё і зьдзекі. Усе гэтыя гісторыі ляглі ў аснову дакумэнтальнага фільма-расьсьледаваньня «Андрэеўка. Трагедыя адной вёскі».

Забітыя ў Андрэеўцы

Спалены мікрааўтобус, цела ляжыць на ўзбочыне. Гэта было зьнята на відэа ў пачатку красавіка, пасьля вызваленьня Андрэеўкі ад расейскіх салдатаў. Цела доўга не маглі апазнаць.

Відэа, зьнятае на пачатку красавіка, пасьля вызваленьня Андрэеўкі ад расейскіх салдатаў. На ім відаць цела на ўзбочыне і спалены мікрааўтобус

«Ён быў у белай кашулі, у яго былі зьвязаныя рукі, была барада. Для нас ён быў невядомым чалавекам, ён ня быў жыхаром вёскі, мы яго ня ведалі да гэтага», — кажа Натальля Сідарэнка з Андрэеўскай старосьцінскай акругі.

Пазьней асобу мужчыны ўстанавілі.

Забіты валянтэр Чырвонага Крыжа Ўкраіны Яўген Піскоцін

«Толькі амаль тры тыдні таму мы ўбачылі, што ў сацсетцы шукаюць валянтэра, і па фота гэтага валянтэра зразумелі, што гэта ён», — кажа Сідарэнка.

Месца, дзе знайшлі цела Яўгена Піскоціна

Загінуў валянтэр Чырвонага Крыжа Ўкраіны Яўген Піскоцін. Жыхарка Андрэеўскай старосьцінскай акругі Натальля Сідарэнка разам з мужам шукалі целы загінулых, а потым іх хавалі. Адразу пасьля дэакупацыі.

Натальля Сідарэнка

На момант здымак, праз два месяцы пасьля акупацыі, на ўзбочыне дарогі яшчэ валяўся магчымы доказ забойства — кавалак добраахвотніцкай вопраткі.

«Гэта ягоная куртка, яе падпалілі, яна не згарэла», — кажа Сідарэнка.

На момант здымак, праз два месяцы пасьля акупацыі, частка вопраткі валянтэра ўсё яшчэ ляжала на ўзбочыне дарогі

З дапамогай спадарожніка Planet Labs «Схемы» ўстанавілі: мікрааўтобус быў там ужо 19 сакавіка — у самы разгар акупацыі, якая доўжылася да канца месяца.

А сувязь з валянтэрам Чырвонага Крыжа зьнікла за два тыдні да гэтага.

«Трэцяга сакавіка ён прапаў, паехаў вывозіць сям’ю і зьнік на зваротным шляху. Яму трыццаць пяць гадоў, засталіся маці, жонка і двое дзяцей: аднаму шэсьць гадоў, другому паўтара года», — апавядае старшыня Палтаўскай абласной арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Плюскіна.

Побач знайшлі яшчэ адно цела — 32-гадовага Аляксея Чаркоўскага.

— Хацеў зьехаць з маці, сястрой і зяцем. Зьбіраўся па пашпарт, аказваецца, а яны, гэтыя расейцы, у яго пытаюцца: «Куды едзеш?». Ён кажа: «Пайду да сябе, пагляджу, што там». І куды яны яго забралі? Мы не маглі выйсьці на вуліцу, сядзелі ў склепе, бо нас тут увесь час абстрэльвалі, — расказвае жыхарка вёскі Андрэеўка Людміла.

— Калі стала вядома, што ён памёр? — пытаецца Сяргей Андрушка.

— Як прыйшлі нашы, то тады. Расейцы яшчэ сказалі: «Не хадзіце туды, бо там вашыя трупы ляжаць», і нас туды не пусьцілі.

У першыя дні акупацыі, па словах відавочцаў, Юрый Краўчэня быў расстраляны проста ў двары ўласнага дома.

«Яго адразу забілі з аўтамата, у двары. Не катавалі, а проста забілі ў двары… Мы толькі чулі аўтамат», — паведаміла жыхарка вёскі Вольга.

Забіты жыў на галоўнай вуліцы вёскі. Гэта дарога, якая злучае Барадзянку і Макары, дзе ішлі жорсткія баі.

А Ігара Ермакова знайшлі каля электрападстанцыі, таксама падчас акупацыі.

«Шапка ляжала на ім, а ён ляжаў ніцма. Ягоныя рукі былі зьвязаныя васьмёркай. І ўвесь левы бок у яго быў такі расплюшчаны, і з вуха была кроў», — расказала выданьню «Українська правда» жыхарка вёскі.

Гэтага чалавека расейскія вайскоўцы забралі проста з дому 2 сакавіка, кажуць відавочцы.

«Яму проста сказалі: „Камандзір хоча пагаварыць з вамі“, і яго забралі „на размову“. Ён пайшоў, не супраціўляючыся, спадзеючыся, што пагаворыць і вернецца», — дзеліцца вясковец.

Украінскія праваахоўнікі падазраюць у забойстве Ігара Ермакова расейскага вайскоўца Даніла Фролкіну. Сярод доказаў — расказы сьведак, якія бачылі, як расейскі вайсковец нанёс Ермакову некалькі ўдараў па розных частках цела. Ён упаў на калені, і расейскі вайсковец стрэліў яму ў галаву.

Салдата Фролкіна на фота з мэдалямі пазнаў адзін зь вяскоўцаў — вэтэран той вайны.

Садлат РФ Даніл Фролкін з мэдалямі

Здымкі былі зробленыя на мабільны тэлефон, які расейскія вайскоўцы спачатку забралі ў вяскоўца, а потым згубілі — ужо са сваімі фатаздымкамі.

Фота вайскоўцаў РФ, зробленыя на мабільны тэлефон мясцовага жыхара

«Прыйшлі ў хату і сказалі: „Здайце ўсе тэлефоны“, а потым, калі акупацыя скончылася, людзі падыходзілі і пыталіся: „Гэта ня ваш тэлефон?“ — „Мой тэлефон“. Я пачаў там корпацца і знайшоў фота гэтых расейскіх „уркаганаў“. Так мы, так бы мовіць, пазнаёміліся зь імі ў твар», — распавядае жыхар Андрэеўкі Леанід.

Даніл Фролкін, як устанавіла Следство.info, — вайсковец 64-й мотастралковай брыгады, таксама вядомай як «Бучанскія разьнікі».

У будынку мясцовай гаспадаркі знайшлі целы яшчэ двух чалавек.

Гэта былыя аднаклясьнікі, Ігар Саўран і Ўладзімір Пажарнікаў, — абодвум было па 46 гадоў.

— Воўка быў кіроўцам, апошнім часам езьдзіў на грузавіку, — расказвае жыхарка Андрэеўкі Любоў Віткоўская, сваячка загінулага Ўладзіміра Пажарнікава.

— А Ігар? — пытаецца журналіст.

— Ён, напэўна, недзе ў ахове, — адказвае Любоў.

— Што паказала судмэдэкспэртыза?

— Кулявое раненьне ў грудзі, але ў якой колькасьці, не напісана.

У Андрэеўцы на вуліцы Слабодзкай знойдзены целы чатырох загінулых. Па словах відавочцаў, у адзін дзень некалькі разоў падʼяжджаў аўтамабіль, зь якога выходзілі расейскія вайскоўцы ў чорным і мэтанакіравана іх расстрэльвалі.

Паведамляецца, што такім чынам аднаго за другім забілі трох мірных жыхароў.

«Дванаццатага дня іх за паўгадзіны расстралялі траіх: першы Руслан Ярэмчук, другі — мой брат Віталь Кібукевіч, трэці — Вадзім Ханюк. Усіх расстралялі, завязалі рукі за сьпінай, на калені ня ставілі, чарга была па нагах і ў патыліцы», — дзеліцца стараста вёскі Анатоль Кібукевіч.

Стараста Андрэеўкі Анатоль Кібукевіч

Двое суседзяў — Віталь Кібукевіч і Вадзім Ганюк — у акупацыю выправілі сем’і зь вёскі, а самі засталіся на хутары. Мясцовыя кажуць, што Кібукевіча знайшлі ў гаспадарчым памяшканьні каля ўласнага дома, а Ханюка — застрэленым ва ўласным склепе.

Фота Віталя Кібукевіча зь сям'ёй

— Ён сам быў будаўніком, сам зрабіў гэты склеп. Ніхто нават ня думаў, што так будзе, што іх забʼюць. З салдатамі ваявалі? Біліся зь людзьмі, — распавядае жыхарка вёскі Лідзія.

— Дзеці ў яго засталіся? — пытаецца журналіст.

— Хлопчык.

— Колькі яму гадоў?

— Пяць поўных гадоў, у сьнежні будзе шэсьць.

Фота Вадзіма Ханюка зь сям'ёй

У той жа дзень у садзе знайшлі і Руслана Ярэмчука. Сьведка — адзін з аднавяскоўцаў. Ён папрасіў не паказваць яго твару:

«Я падышоў да лаўкі, тут „каца.ы“ пайшлі; заходжу, бачу, а ён за хатай ляжыць. Ну, застрэлілі яго з гэтага… не з „Калаша“, а зь пісталета Макарава».

Целы мужчын былі пахаваныя каля іх дамоў, а пасьля вызваленьня перапахаваныя.

Апытаныя «Схемамі» праваахоўнікі на падставе сьведчаньняў не выключаюць, што да гэтых трох забойстваў мог мець дачыненьне расейскі вайсковец Аляксандар Чырасаў з 64-й брыгады, байцоў якой называюць «Бучанскія разьнікі».

Фатаграфію гэтага салдата з такімі ж ініцыяламі «Схемы» знайшлі ў расейскай сацыяльнай сетцы «Одноклассники».

На старонцы — ягонае фота зь іншымі салдатамі ў форме. Перад вайной Чырасаў публікаваў пасты аб паслугах насільшчыкаў у горадзе Хабараўску, што на далёкім усходзе Расеі.

У іншай сацыяльнай сетцы — «ВКонтакте» — Чырасаў посьціў фатаздымкі сямʼі.

Фота Чырасава зь сям'ёй

Паводле базы дадзеных жыхароў Расеі, да якой маюць доступ «Схемы», ён можа быць у званьні сяржанта, а месца яго працы — вайсковая частка 51460, дзе дысьлякуецца згаданая 64-я брыгада.

Па вёсцы разышліся зьвесткі, што некаторыя з расстраляных у вёсцы пасьля пачатку вайны запісаліся добраахвотнікамі ў тэрытарыяльную абарону, і гэтыя сьпісы маглі трапіць да акупантаў.

«Была такая інфармацыя. Але ня ведаю, ці магла яна застацца ў сельсавеце, я яе там ня бачыла», — кажа Натальля Сідарэнка.

У вёсцы задаюцца пытаньнем, ці мог нехта данесьці ворагу.

«Да мяне, да мамы, прыехалі дзьве „хуткія“, мяне там шукалі. У хаце, хлявах, кладоўцы, на гарышчы. І гэта было вельмі непрыемна, таму што да мяне іх прывялі мясцовыя людзі, я перажываў за сям’ю, маглі расстраляць.

Брата вывелі на вуліцу, прыставілі яму аўтамат да калена, ён кажа: „Чаму ў калена, давай адразу ў галаву“. Дзіця было маленькае, гадоў шасьці, выскачыла на вуліцу, пачало плакаць і крычаць, і я думаю, што ў іх магло нешта „сыграць“, і яны не расстралялі.

Калі нават нехта зь імі супрацоўнічаў, то яны таксама павінны за ўсё гэта адказваць, мы ж усе ў адной вёсцы жывём, з адной міскі ямо, Бог усё бачыць і Бог усё судзіць. Плюс ёсьць структуры, якія гэтым займаюцца, і людзей трэба караць», — кажа стараста вёскі Андрэй Кібукевіч.

На той самай вуліцы Слабады, дзе расстралялі трох раней згаданых хлопцаў, у чужой хаце знайшлі цела Івана Рыбіцкага, якога спачатку закапалі ў садзе.

«Пра сьмерць брата я ведаю толькі тое, што расейцы ўвайшлі ў яго дом, шукалі жонку майго брата, а брат крычаў: „Не чапайце маёй жонкі!“. Ён спрабаваў абараніць жонку. Пасьля гэтага тыя расейцы яго кудысьці павезьлі», — распавёў брат загінулага Віктар Рыбіцкі.

Па словах брата, прычынай сьмерці стала не кулявое раненьне:

«Мне выдалі пасьведчаньне аб сьмерці, дзе напісана, што ў яго разьбіты твар, гэта вельмі цяжкая чэрапна-мазгавая траўма, несумяшчальная з жыцьцём».

На ўскраіне вёскі Андрэеўка дзейнічаў рэабілітацыйны цэнтар, дзе лячылі хворых з рознымі залежнасьцямі. Цяпер ён разбураны абстрэламі.

Зруйнаваны рэабілітацыйны цэнтар

Менавіта ў гэтым цэнтры быў забіты адзін з пацыентаў, Андрэй Кастэцкі.

«У яго была прабітая нага, адкрыты пералом нагі, увесь твар у кавалках. З раны ў яго ішла кроў, расейскія салдаты тады нешта кінулі з танка, думалі, што ён будзе на іх кідаць і хаваецца», — расказвае жыхарка Андрэеўкі Галіна.

Ужо пасьля акупацыі на адным з агародаў быў знойдзены труп мужчыны, які пазьней апазналі. Гэта Яўген Сьцепанюк.

«Выпадкова ўбачылі, што тут яшчэ адно цела. Яго не пахавалі, як усіх, а крыху прысыпалі зямлёй. Да гэтага мы ведалі, што Яўгена Сьцепанюка шукаюць жонка і дачка. Ён прапаў бязь вестак. Мы ня ведалі, трапіў ён у палон ці мо загінуў, а калі адкрылі цела, то ўбачылі, што гэта Яўген… шмат татуі», — распавядае Натальля Сідарэнка.

Фота Сьцепанюка зь сям'ёй

Труп знайшла жанчына, якая вярнулася дадому пасьля вызваленьня вёскі.

«Я толькі ў першы дзень прыехала, зразумела, што тут нехта закапаны, насыпу няма, усё зраўнялі, а рыдлёўка ёсьць», — дзеліцца жыхарка вёскі Зіна Фарасьцец.

Яна ўспамінае, што заўважыла кроў на сьцяне: «Уся кухня была ў крыві: і дываны, і пасьцельная бялізна. Гэта ўсё выкінулі».

«У склепе ляжалі два матрацы, буржуйка і гармонік. Дзьве скрынкі бутэлек. Ім там было весела. З гаража ўсё забралі: зварачны апарат, балгарку, бэнзапілу, тачку, увесь інструмэнт… Усё вывезьлі, нічога няма. Усё было пабіта, усё вытрыбушана, халадзільнік перакулены, усё разарвана», — кажа Зіна Фарасьцец.

«Нас вывелі з дому, паставілі на калені. Тут стаялі салдаты, зусім маладыя… Адзін стаяў з аўтаматам, другія стаялі з аўтаматамі. Двое бегалі па хаце, усё пераварочвалі, правяралі, ці ёсьць у нас мабільныя тэлефоны, гаджэты. А потым мы ўбачылі, што нешта панесьлі. Мы нават не зразумелі, што гэта, хто гэта. І несьлі яго за рукі і за ногі. Кажуць: „Мы вам жыхара падкінулі“. Але мы не разумеем, пра што ідзе гаворка, і кажам: „Што здарылася?“. А потым узялі, вывелі, паказалі: „Скажыце, што вы гэта зрабілі“. І што мы зрабілі? Кажуць: „Мы накрылі яго ў ваньне, каб вам ня так страшна было“».

Самы малады жыхар Андрэеўкі, які загінуў падчас акупацыі, — 23-гадовы Антон Ішчанка.

«Ён ляжаў, нахіліўшы галаву набок, рукі раскінуўшы… Бо яго відавочна цягнулі… Ведаеце, я не хачу ўспамінаць», — сказаў жыхар вёскі Васіль, які знайшоў хлопца каля свайго агароду.

Антон Ішчанка

Васіль разам з двума іншымі аднавяскоўцамі быў у палоне ў расейскіх салдат. А потым замест яго, кажа, туды зьмясьцілі 23-гадовага Антона.

— Калі гэтага Антона пасадзілі, то тыя два хлопцы засталіся, а Антона ўзялі і павялі, тады хлопцы пачулі стрэлы. І Антон не вярнуўся. Пэўна, яго застрэлілі і цягнулі, а потым кінулі каля агароду. Людзі хадзілі, шукалі. Прыйшлі адзін, другі, трэці, кажуць: «Не, ня наш». Потым прыйшла маці і сказала: «Так, гэта наш», — успамінае Васіль.

— Колькі ў яго было кулявых раненьняў? — пытаецца журналіст.

— Я гэтага ня ведаю, але ў галаве, казалі, была куля.

Праз дарогу ад месца, дзе знайшлі 23-гадовага хлопца і дзе, пэўна, захопнікі трымалі палонных, знайшлі яшчэ адно цела — Андрэя Рудэнкі.

Месца паказвае яго дачка, якая перажыла акупацыю.

— Вось ён ляжаў, а там яшчэ быў плашч. Я дагэтуль ня ведаю, на якім плашчы яго несьлі. Калі яго везьлі ў морг, мы прынесьлі яму два нарцысы і паклалі іх тут на памяць, — расказвае Анастасія.

— А дзе яны? — удакладняе журналіст «Схемаў».

— А гэта было даўно, гэта было месяц таму, яны ўжо не захаваліся.

Плашч, на якім ляжаў Андрэй Рудэнка

Цела Андрэя знайшлі на 11-ы дзень пасьля вызваленьня вёскі. Ягоная ўдава Аксана Рудэнка кажа, што муж прапаў падчас акупацыі.

«Я чакала дзень… У суботу раніцай ня вытрымала, пайшла да іх, да расейскіх салдатаў, там, у цэнтры. Падняла рукі, бо баялася, каб мяне не расстралялі, і пайшла да іх.

Я да іх не падыходзіла, яны мяне не падпускалі. Сказалі „стоп“. Я пачала крычаць: „Адпусьціце, калі ласка, мужа!“.

Яны сказалі: „Ідзі адсюль дадому, больш сюды не хадзі“. А я ўсё роўна стаяла і крычала: „Адпусьціце майго мужа!“. Пачалі страляць у неба, думаю: калі мужа ня будзе і калі я дадому не вярнуся… У мяне двое дзяцей. Пасьля гэтага мы больш з Андрэем ня бачыліся», — кажа Аксана Рудэнка.

Удава Андрэя Рудэнкі

На момант здымак, праз два месяцы пасьля вызваленьня вёскі, на тым самым месцы, дзе знаходзілася цела, заставаўся верагодны доказ — плашч-палатка, на якой было знойдзена цела забітага.

— Гэта няякасна праведзеныя сьледчыя дзеяньні, калі ёсьць шмат рэчавых доказаў, якія ўсім бачныя і якіх увогуле няма ў матэрыялах крымінальнай справы, — кажа адвакат семʼяў пацярпелых ад расейскага войска ў Андрэеўцы Юры Белавусаў.

— На што гэта потым можа паўплываць? — пытаецца журналіст Сяргей Андрушка.

— На вынікі расьсьледаваньняў, на прысуды.

«Такой масавай колькасьці злачынстваў такога ўзроўню складанасьці ва Ўкраіне яшчэ не было. Сёньня ва Ўкраіне зарэгістравана 27,5 тысячы ваенных злачынстваў. І гэтая лічба расьце штодня — 200–300 новых злачынстваў. На кожнае такое цяжкае злачынства проста не хапала рэсурсаў, і, на жаль, гэта прыводзіць да таго, што ня ўсе доказы былі сабраныя належным чынам», — кажа Юры Белавусаў, начальнік упраўленьня па барацьбе са злачынствамі ва ўмовах узброеных канфліктаў Офісу генэральнага пракурора.

— У мяне такое адчуваньне, што ніякага расьсьледаваньня няма, калі майго мужа знайшлі 11 красавіка, а мае паказаньні ўзялі ў канцы траўня, недзе ў сярэдзіне траўня ці ў канцы траўня, — кажа Аксана Рудэнка.

— Вы верыце, што знойдуць забойцу і таго, хто аддаваў загад?

— Шчыра? Не. Магчыма, трэба нешта рабіць, ня ведаю, што рабіць. Я, праўду кажучы, дагэтуль ня веру, што яго няма, мне нават цяжка пра гэта гаварыць.

Бацька Андрэя Рудэнкі дамагаецца наданьня яму і ягоным сваякам статусу пацярпелага.

Як высьветлілі «Схемы», у выніку бамбаваньня загінулі яшчэ трое жыхароў вёскі Андрэеўка.

Чырвоная Горка на Кіеўшчыне — невялікая вёска з сотняй жыхароў, якую адміністрацыйна далучылі да Андрэеўкі. Трагедыя адбылася тут 27 лютага. Пятро Астапоўскі памёр на вачах у дачкі і жонкі.

«Чалавек пайшоў гаспадарку даглядаць, карміць жывёлу. І мы выйшлі з дому і сталі ля лесьвіцы, і ракета ляцела проста на яго. Рука, нага, галава, цяжка сказаць… Варонка стаіць, зь яе ўсё вырвана… Пачаўся пажар, тут усё гарэла, хата згарэла, страшна. Мы ўжо крыху прыбраліся. Усе пытаюцца: „Як вы засталіся жывымі?“. Цяпер ходзім, зьбіраем аскепкі… Казалі, што гэта як „Ураган“, але я ня ведаю, наколькі гэта праўда», — кажа жонка загінулага Ірына Астапоўская.

Удава Пятра Астапоўскага

Рэшткі ракеты ўсё яшчэ знаходзяцца ў іх двары. На экспэртызу іх ня везьлі. Жанчыны жывуць з чужымі людзьмі і мараць аб прычэпе на сваёй дзялянцы:

«Нам трэба такі прычэп, каб хаця была кухня, душ, прыбіральня, ну самі бачыце, якія ў нас умовы. І, канечне, каб была яшчэ нейкая дапамога, нечым дапамагчы».

На вуліцы Перамогі, 54 дагэтуль знаходзяцца чалавечыя косьці. Суседка лічыць, што яны належаць Івану Салюку, яго дом згарэў уначы пасьля бамбаваньня.

«Таму што яго яшчэ не пахавалі, таму што сказалі, што трэба ДНК, а чакаць трэба два месяцы, а навошта ДНК, калі я ведаю, што гэта ён?» — кажа суседка.

Яшчэ адна ахвяра абстрэлаў у Андрэеўцы — жанчына з Дому міласэрнасьці Людміла Кардаш.

«Калі пачаўся абстрэл, усе пайшлі ў склеп, але яна ня ў склеп, а ў хлеў. Яна паднялася, каб нешта ўзяць. І гэты снарад, нават праз дах відаць, трапіў ёй у сьпіну. На сьпіне была дзірка, нырка тырчала. Мы абшуквалі суседзкія аптэчкі, хто з перакісам, хто з мазьзю Вішнеўскага, хто з марганцоўкай, мылі іх чым маглі. Два дні яна вельмі пакутавала. Яна пісала маркерам на руках свае адрасы, ведала, што памрэ, і вельмі баялася, каб расейцы яе не забралі ў Беларусь, бо, казала, выкінуць недзе па дарозе», — кажа Ларыса Сьцепанюк, жыхарка Андрэеўкі.

(Не)натуральная сьмерць?

Колькасьць людзей, якія загінулі натуральнай сьмерцю падчас акупацыі Андрэеўкі, удвая большая, чым летась.

— У сакавіку 2022 году шэсьць чалавек памерлі сваёй сьмерцю, ад хвароб, ад стрэсу, — расказвае спэцыяліст аддзелу адміністрацыйных паслуг Макараўскага пасялковага савету Тацьцяна Кузьменка.

— Гэта падчас акупацыі, можна сказаць? — удакладняе журналіст.

— Так, падчас акупацыі. А ў 2021 годзе — тры чалавекі. Але ў сакавіку 2020 года нашы фэльчары не зафіксавалі сьмяротных выпадкаў.

Ці можа стрэс, адсутнасьць лекаў і доступу да лекараў паўплываць на сьмяротнасьць у вёсцы?

Дачка памерлай пэнсіянэркі Парасковіі Аляксюк распавядае, у якіх умовах дажыла яе маці. Іх выгналі з уласнага дому, і яны, акружаныя расейскімі салдатамі, схаваліся ў склепе.

«Стопрацэнтна, што яна загінула ад гэтай вайны. Сэрца проста ня вытрымала. Нам усім было вельмі цяжка. Пульс у нас быў сто шэсьцьдзесят, у дзяцей таксама, і ў мяне. І гэта проста немагчыма выказаць словамі. Я на сто працэнтаў ведаю, што мая маці была б яшчэ жывая. Проста яна памерла ад таго, што яны прыйшлі і зрабілі», — кажа Любоў Ярашэўская, дачка Парасковіі Аляксюк.

Яшчэ адна жыхарка вёскі расказала пра абставіны, пры якіх памёр яе муж. Кажа, што ў яго была тэмпэратура, але доступу да лекаў і лекараў не было.

«Тэмпэратура была высокая, а потым яе зьбівалі, потым ціск, таксама зьбівалі, ён так ціха ляжаў. Я кажу: „Што баліць?“, ён адказвае — „Усё баліць“. А лячыць не было чым, а восьмай раніцы памёр. Калі б не вайна, быў бы жывы, дактары ўколы б зрабілі. Патрэбны былі антыбіётыкі, але дзе іх узяць? Я лічу, што вайна яго забрала, бо не было каму яго лячыць», — кажа Анастасія, жонка памерлага падчас акупацыі Івана Пастушэнкі.

17 загінулых ад расейскай зброі. Шэсьць памерлі, відаць, натуральнай сьмерцю, але прычынай гэтага можа быць адсутнасьць лекаў і доступу да лекараў. Пяць закладнікаў. А яшчэ — траўмы, крадзяжы, 70 цалкам разбураных прыватных дамоў, дзіцячы сад і школа. Такія наступствы заняцьця расейскім войскам толькі адной вёскі ва Ўкраіне. Вёска, у якой да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі пражывала больш за тысячу чалавек.

Акупацыя Андрэеўкі расейскім войскам працягвалася з 27 лютага па 30 сакавіка 2022 году.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.