Спадарожнікавыя здымкі дазваляюць разгледзець незвычайную актыўнасьць на вайсковым аэрадроме пад Лунінцам. Вайсковы аб’ект ператварыўся ў будаўнічую пляцоўку. Тут валяць лес, расчышчаюць расьліннасьць, рэканструююць адразу некалькі будынкаў і ўзводзяць новыя, пракладаюць камунікацыі.
Перад уварваньнем ва Ўкраіну вайсковы аэрадром «Лунінец» лічыўся запасным, выкарыстоўваўся ён рэдка.
Зьмены пачалі адбывацца перад вучэньнямі «Саюзная рашучасьць – 2022». Лунінецкі аэрадром, як і баранавіцкі, на іх вырашылі выкарыстоўваць у якасьці дадатковага.
21 студзеня на аэрадром прыбыў Аляксандар Лукашэнка, тады там адбылася нарада з вышэйшым вайсковым кіраўніцтвам. «Хочаш міру, рыхтуйся да вайны», — сказаў тады Лукашэнка.
Пасьля студзеня тэрыторыя аэрадрому пачала зьмяняцца.
Бачна, што пачалі высякаць вялікія кавалкі расьліннасьці, зносіць некаторыя пабудовы і расчышчаць тэрыторыю.
Працягнулася высечка лесу і расчыстка тэрыторый, будоўля аб’ектаў. Заўважна, што вайсковай тэхнікі на аэрадроме цяпер няшмат. Мы знайшлі на тэрыторыі толькі некалькі комплексаў С-300 ці С-400. Самалётаў на пляцоўках няма, стаяць толькі два верталёты.
У вайсковым гарадку правялі рэнавацыю амаль усіх жылых ці адміністрацыйных пабудоў. На расчышчаным ад лесу кавалку зямлі пачалі ўзводзіць нешта накшталт ангару ці казармы, амаль у два разы большае за тыя, што ёсьць. Высеклі кавалак лесу каля ўязной паркоўкі.
Нашыя крыніцы паведамлялі некалькі месяцаў таму, што ў Лунінецкі райвыканкам паступіў загад пабудаваць у горадзе жытло для сем’яў расейскіх вайскоўцаў, якія будуць пражываць там стала.
Бачым, што лес каля складу ГЗМ (гаруча-змазачных матэрыялаў) высечаны на значным кавалку. На самім складзе бачым падрыхтоўку тэрыторыі пад усталяваньне вялікіх ёмістасьцяў.
Каля ўсходняй часткі ўзьлётна-пасадачнай паласы ўражваюць сваімі памерамі плошчы высечкі лесу і тэрыторыя распрацоўкі пад магчымае будаўніцтва. Тут зьявіліся некалькі фундамэнтаў. Па абрысах немагчыма зразумець, якога яны прызначэньня, да іх падводзяць камунікацыі. Каля самой узьлётна-пасадачнай паласы відаць вялікі намётавы лягер, ён там стаіць амаль ад пачатку вайны.
Каля заходняй часткі ўзьлётна-пасадачнай паласы зноў жа вялікая тэрыторыя, расчышчаная ад лесу і расьліннасьці.
Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах. Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, дасылайце, калі ласка, у рэдакцыю.
Наш тэлеграм-бот @SvabodaBelarus_bot
Даслаць інфармацыю на наш нумар ў Signal +380502605369