Маёмасьць зьняволенага Ігара Лосіка выстаўляюць на продаж, нягледзячы на заяву, што ён хоча яе выкупіць

Дар'я і Ігар Лосікі, каляж

Дар’я Лосік, жонка палітвязьня Ігара Лосіка, паведаміла, што судовыя выканаўцы вырашылі выставіць арыштаваную ў кватэры Лосікаў маёмасьць на продаж, нягледзячы на заяву Ігара, што ён хоча выкупіць гэтыя рэчы.

«Была арыштаваная некаторая бытавая тэхніка і мэбля, але з умовай, што яе можна выкупіць, калі мой муж адправіць заяву са сьпісам маёмасьці, зь якой мы б хацелі зьняць арышт, — напісала Дар’я Лосік у Instagram. — Вядома ж, Ігар адправіў туды ліст, як толькі атрымаў ад мяне ягоны ўзор. АЛЕ! Сёньня мне патэлефанавала судовая выканаўца, якая працуе па нашай маёмасьці, і паведаміла, што ўся арыштаваная маёмасьць павінна быць выстаўлена на рэалізацыю».

У сярэдзіне ліпеня дадому да Ігара ў Баранавічах прыйшлі судовыя выканаўцы. Яны паказалі Дар’і дакумэнт, згодна зь якім маюць права арыштаваць маёмасьць у лік пагашэньня доўгу Ігара перад дзяржавай.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ігар зараз можа тэлефанаваць дадому». Палітвязень Лосік за кратамі 778 дзён
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты