Сьледчы камітэт паведаміў, што сілавікі выйшлі на сьлед і затрымалі мужчыну, які шэсьць гадоў таму спрабаваў абрабаваць лямбард у Менску. Здарэньне адбылося 15 верасьня 2016 году.
На праспэкце Пушкіна невядомы зайшоў у лямбард, дастаў прадмет, падобны да пісталета, і запатрабаваў аддаць яму грошы. Работніца адмовілася аддаць грошы і зачыніла акенца перад нападнікам. Пасьля гэтага мужчына ўцёк у невядомым кірунку.
У відэа, якое зьняла камэра лямбарду, чуваць, як нападнік патрабуе ад работніцы лямбарду: «Давай усё, што ёсьць!» На гэта дзяўчына адказвае: «Мужчына, якія грошы? Вы здурнелі, ці што? Забівайце давайце». Падчас перамоваў з рабаўніком яна нават спрабавала выхапіць у таго пісталет.
Затрымаць нападніка міліцыянты здолелі толькі ў траўні 2022-га. Высьветлілася, што гэта 28-гадовы мянчук. На допытах ён цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў зробленым. Малады чалавек патлумачыў, што быў нецьвярозым. Перад нападам ён купіў у краме цацачны пісталет, з дому ўзяў мэдыцынскія пальчаткі і дзеля кансьпірацыі нацягнуў капюшон.
Менчуку выставілі абвінавачваньне паводле ч. 2 арт. 207 (пагроза прымяненьня гвалту, небясьпечнага для жыцьця і здароўя пацярпелай, з мэтай завалоданьня маёмасьцю) Крымінальнага кодэксу. Яго ўзялі пад варту. Чакаецца суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Петрыкаўскім раёне мужчына абрабаваў банк ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Гомельшчыне мужчына абрабаваў «Беларусбанк»